Кіраўніцу вулічнага тэатру «Вір», які выступіў на «Сьвяце незалежнасьці», выклікалі ў міліцыю

Ганна Несьцерава

Алена Ліпень, дырэктарка цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт», на базе якога працуе «Вір», напісала заяву ў РУУС — яна падазрае свайго пэдагога Ганну Несьцераву ў тым, што тая даслала ёй электронны ліст з пагрозамі і абразамі. Несьцерава дала паказаньні міліцыі — яна нічога такога не пісала.

Ганну Несьцераву 29 сакавіка выклікалі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску даць тлумачэньні з нагоды заявы дырэктаркі Цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт» Алены Ліпень.

У міліцыі Несьцеравай паведамілі, што паступіла заява кіраўніцы цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт» Алены Ліпень, працадаўцы Ганны. Дырэктарка атрымала праз электронную пошту ліст з абразамі ў свой адрас і паведаміла міліцыянтам, што падазрае Несьцераву.

«У міліцыі мне паказалі ліст, напісаны на расейскай мове і падпісаны «Бакланов Антон». У допісе былі пагрозы, абразы — ня буду цытаваць, бо сапраўды зьмест вельмі непрыемны. І ў заяве спадарыня Ліпень напісала: «Я падазраю сваю супрацоўніцу Несьцераву Ганну Сяргееўну, якая працуе пэдагогам у цэнтры дадатковай адукацыі», — расказала Свабодзе Ганна.

Несьцерава дала тлумачэньні пад пратакол, што яна ня мае ніякага дачыненьня да гэтага ліста. Міліцыянты паказалі Ганне IP-адрас, зь якога быў адпраўлены электронны ліст. Несьцерава таксама паведаміла свой хатні IP-адрас. Да таго ж яна патлумачыла, што ў час адпраўкі ліста з пагрозамі знаходзілася на афіцыйным мерапрыемстве — краязнаўчых чытаньнях, дзе было шмат народу, і нават фізычна ў той час не магла нічога паслаць.

«Міліцыянты сказалі мне не хвалявацца, што ўсе мае паказаньні запісалі і будуць разьбірацца ў гэтай сытуацыі».

Дырэктарка Цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт» Алена Ліпень на пытаньне Свабодзе, чаму яна падазрае, што абразьлівы ліст напісала менавіта Несьцерава, адказаць адмовілася.

«Дзякуй вам за такую пільную ўвагу і ўдзел, але я нічога камэнтаваць ня буду. Няхай разьбіраюцца тыя, хто павінен у гэтым разьбірацца», — адказала Алена Ліпень.

27 сакавіка дырэктарка цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт», на базе якога працуе вулічны тэатар «Вір», вынесла спагнаньне Ганне Несьцеравай — нібыта за тое, што 2,5 месяца пэдагог не запаўняла журнал.

Да таго ж тэатру адмовілі ў памяшканьні, дзе адбываліся рэпэтыцыі (у сярэдняй школе № 35). Сама Ганна Несьцерава перакананая, што зь ёй ня будзе працягнуты кантракт, які дзейнічае да 31 траўня.

Артысты вулічнага тэатру «Вір» бралі ўдзел у сьвяткаваньні 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру — яны на дыбах у яркіх строях раздавалі праграмкі і забаўлялі дзетак з бацькамі.

Напярэдадні сьвята Несьцераву папярэджвалі, што тэатральнаму калектыву непажадана ўдзельнічаць у імпрэзе.

Кіраўніцу тэатру «Вір» пакаралі пасьля выступу на сьвяце да #БНР100. Яе кантракт пад пагрозай

Вулічны тэатар «Вір» падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру. Менск, 25 сакавіка 2018 году