Праваабаронца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру, Малала Юсуфзай 29 сакавіка вярнулася на радзіму ў Пакістан — упершыню пасьля нападу на яе талібаў, які адбыўся шэсьць гадоў таму.
Пад узмоцненай аховай яе прывезьлі з аэрапорта Ісламабада ў гатэль. Чакаецца, што Юсуфзай прабудзе ў Пакістане чатыры дні і сустрэнецца з прэм’ер-міністрам краіны Шахідам Гаканам Абасі.
Малала Юсуфзай стала вядомай у 11 гадоў, калі пачала весьці блог на BBC, крытыкуючы спробы талібаў ўсталяваць законы шарыяту ў даліне Сват на поўначы Пакістану, і адкрыта выступала за права дзяўчынак атрымліваць адукацыю. У кастрычніку 2012 года яна была цяжка параненая баевіком руху Талібан. Пасьля гэтага Малала праходзіла доўгае лячэньне ў Вялікабрытаніі.
У 2014 годзе ва ўзросьце 17 гадоў Юсуфзай атрымала Нобэлеўскую прэміі міру, а пазьней стала паслом міру ААН.