У Слуцку ўжо пяцёра памерлі празь невядомую сьпіртазьмяшчальную вадкасьць

©Shutterstock

У слуцкім шпіталі памёр ужо пяты чалавек праз атручэньне невядомай сьпіртазьмяшчальнай вадкасьцю, піша TUT.BY са спасылкай на Сьледчы камітэт.

У рэанімацыі Слуцкага раённага шпіталя раніцай 26 сакавіка памерла 55-гадовая жанчына. Увечары 23 сакавіка яна разам са сваімі знаёмымі 61-гадовымі мужчынам і жанчынай трапіла ў шпіталь з атручэньнем. Тыя памерлі раніцай 24 сакавіка.

Паводле сьледчых, напярэдадні яны ўжывалі сьпіртазьмяшчальную вадкасьць, якую знайшлі на палігоне бытавых адкідаў.

25 сакавіка хуткую дапамогу выклікала яшчэ адна жыхарка Слуцку, яе паклалі ў шпіталь з тымі ж прыкметамі. Жанчына памерла ў той жа дзень. На наступны дзень 26 сакавіка хуткую дапамогу выклікаў 42-гадовы мужчына, які сказаў, што спажываў невядомую вадкасьць у адной кампаніі з раней памерлымі. Мужчына таксама памёр у шпіталі.

Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце сьмерці пяці чалавек, якія ўжывалі сьпіртазьмяшчальную вадкасьць, паведаміла TUT.BY прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог.

Бутэльку з-пад вадкасьці і іншыя прадметы накіравалі на экспэртызу, у тым ліку і на выяўленьне атрутных рэчываў. Судова-мэдычная экспэртыза павінна вызначыць дакладную прычыну сьмерцяў.