Зьвярніце ўвагу, навіна была апублікаваная 1 красавіка.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абяцае аддаць частку гэтай сумы на Нацыянальны ўнівэрсытэт, але Міністэрства фінансаў Беларусі ўжо абвясьціла, што грошы належаць беларускай дзяржаве.
1 красавіка ў Бэрліне пачынаецца судовы працэс, які вырашыць лёс грашовай спадчыны. Радыё Свабода адказвае на ўсе пытаньні пра скарб БНР, якія вы хацелі задаць, але не маглі, бо нічога пра гэта ня ведалі.
Адкуль грошы?
У лютым 1919 году Сымон Пятлюра зацьвердзіў пазыку для ўраду БНР ад Украінскай Народнай Рэспублікі на 1 666 000 нямецкіх марак. Аднак прэм’еру БНР Антону Луцкевічу тады давялося амаль на тыдзень затрымацца ў Горадні, чакаючы міністра фінансаў Аляксандра Цьвікевіча з украінскімі акрэдытывамі. Гэтае чаканьне дорага абышлося: калі ўжо ў Бэрліне Луцкевіч прыйшоў у нямецкі банк атрымаць на акрэдытыў грошы, выявілася, што за некалькі дзён да таго ўрад Украінскай ССР (абвешчанай 10 сакавіка) наклаў сэквэстар на ўсе актывы ўраду УНР у нямецкіх банках.
Доўгі час лічылася, што грошы назаўжды страчаныя. Аднак сэнсацыя прыйшла ў сьнежні 2017 году, калі ў Швэцыі памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, выхадзец зь Нямеччыны і пасьпяховы бізнэсовец Ота Шмальц. Большую частку спадчыны — акцыі ў швэдзкім падшыпнікавым канцэрне SKF і грошы ў швэдзкіх банках — ён пакінуў ураду Швэцыі. Але грошы на рахунку ў бэрлінскім банку Berliner Sparkasse — амаль 63 мільёны эўра — Шмальц завяшчаў Радзе БНР.
У сваім тастамэнце Ота Шмальц патлумачыў, што ягоны бацька, Вальтэр Шмальц, атрымаў ад Антона Луцкевіча ў 1920 годзе паўнамоцтвы на замарожаную пазыку Пятлюры. Наўзамен Шмальц-старэйшы паабяцаў пастаўкі зброі і рыбных кансэрваў для ўраду БНР. Абяцаньня ён не стрымаў, тлумачачы, што грошай размарозіць не ўдалося. Але выявілася, што гэта хлусьня.
Як напісаў Ота Шмальц, у 1921 годзе, дзякуючы асабістым сувязям, ягоны бацька здолеў атрымаць амаль поўную суму — больш за паўтара мільёна нямецкіх марак. Амаль адразу ж ён уклаў іх у акцыі SKF, зьехаўшы ў Швэцыю. Ад таго часу сума шматкроць павялічылася, дзякуючы посьпехам швэдзкага канцэрну.
«Раней дасьледчыкі лічылі Вальтэра Шмальца шараговым авантурыстам, — кажа гісторык Сяргей Шупа. — У той час яны зьляталіся на ўрад БНР як камарыхі на сьвежую кроў. Цяпер высьвятляецца, што Шмальц сапраўды здолеў высмактаць з маладой рэспублікі немалую крывавую дозу».
Колькі каштуе спадчына БНР?
На судовым працэсе ў Бэрліне рэпрэзэнтаваць Раду БНР будзе нямецкая адвакатка Эва Гольдцунге. У інтэрвію Радыё Свабода яна падкрэсьліла, што фактычна ўся спадчына Шмальцаў мае належаць беларускаму ўраду ў выгнаньні.
«Усе акцыі SKF і ўсе грошы ды золата Шмальцаў у швэдзкіх банках — гэта таксама багацьце, атрыманае з дапамогай той першай інвэстыцыі, грошай Беларускай Народнай Рэспублікі», — кажа Гольдцунге.
Адвакатка тлумачыць, што ў чэрвені пачнецца судовы працэс ў Швэцыі, дзе будзе вырашацца лёс яшчэ амаль 200 мільёнаў эўра. Але пакуль што важна давесьці правы Рады БНР на 63 мільёны эўра на рахунку ў Berliner Sparkasse.
Рэспубліка Беларусь — паўнапраўная спадкаемца БНР?
Міністэрства фінансаў Беларусі ўжо абвясьціла, што ўся спадчына Шмальцаў па справядлівасьці належыць беларускай дзяржаве. На судовым працэсе ў Бэрліне ад Рэспублікі Беларусь будзе сьведчыць супрацоўнік Акадэміі навук, гісторык Сьцяпан Шапаціла.
«Яшчэ ў 1925 годзе Рада БНР перадала паўнамоцтвы ўраду БССР і самараспусьцілася, — кажа Шапаціла. — Ад БССР паўнамоцтвы перайшлі да Рэспублікі Беларусь. Тыя самазванцы, якія цяпер з Канады і ЗША хочуць забраць народныя грошы, ня маюць на гэта ніякага маральнага, гістарычнага і юрыдычнага права. У нашай маладой дзяржаве цалкам рэалізаваныя ідэалы БНР. Нядаўняе ўрачыстае сьвяткаваньне 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Менску гэта пераканаўча засьведчыла».
Шапаціла дадаў, што атрыманыя грошы маюць пайсьці на сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею БССР, у рамках якога ўлады абяцаюць правесьці дзень бел-чырвона-белага сьцяга, каб падкрэсьліць пераемнасьць беларускай дзяржавы ад БНР.
Ці атрымаюць блогеры мільёны эўра?
Прадстаўнікі Рады БНР пакуль афіцыйна не камэнтуюць лёс грашовай спадчыны. «Гэта як зь незабітага ліса кажух шыць», — сказала Радыё Свабода радная Люцыяна Патупчык з канадзкага Ванкувэру.
Аднак у прыватных размовах гаворка ідзе пра тое, што большая частка грошай мелася б пайсьці на патрэбы Нацыянальнага ўнівэрсытэту, які цяпер спрабуюць стварыць у Беларусі. Рэшту грошай маюць падзяліць паміж актывістамі Паўлам Белавусам, Антонам Матолькам і Эдуардам Пальчысам.
«Гэтыя хлопцы так добра сябе зарэкамэндавалі арганізацыяй сьвяточнага канцэрту на 25 сакавіка, што мы гатовыя даць ім карт-блянш на далейшыя культурніцкія праекты», — кажа прадстаўнік Рады БНР, які пажадаў захаваць ананімнасьць.
Ёсьць і альтэрнатыўныя прапановы, як патраціць спадчыну БНР — да прыкладу, купіць кожнаму беларусу бел-чырвона-белы дрон альбо ўзяць у арэнду менскую рэзыдэнцыю прэзыдэнта «Палац незалежнасьці» для сьвяткаваньня 101-й гадавіны БНР у наступным годзе.
Радыё Свабода віншуе чытачоў з Днём сьмеху 1 красавіка і падкрэсьлівае што меркаваньні, факты і фота, выкладзеныя ў гэтым артыкуле, не абавязкова адлюстроўваюць рэальнасьць.