Арганізатары сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР у Горадні расказалі, як патрацілі грошы, сабраныя на канцэрт, які прайшоў 25 сакавіка ў Калоскім парку. А таксама — куды пойдзе рэшта.
Грошы на імпрэзу зьбіралі праз краўдфандынг на плятформе Talaka. Агулам сабралі 7306 рублёў, сказаў Свабодзе адзін з арганізатараў сьвята Зьміцер Бандарчук.
Выдаткі разьмеркавалі такім чынам:
- сцэна — 2400 рублёў (апаратура, тэхнічнае абслугоўваньне і абсталяваньне, дастаўка),
- візуальнае аздабленьне сьвята — 1215 рублёў (банэры, паліграфія, дызайн, фота, афішы, сьцягі),
- чысьціня — 180 рублёў (прыбіраньне тэрыторыі, арэнда і абслугоўванне біятуалетаў),
- канцэртная частка — 956 рублёў (кампэнсацыя транспартных выдаткаў, падзякі музыкам, харчаваньне),
- арэнда гаспадарчага абсталяваньня — 1030 рублёў (пракат генэратараў, «цеплавых гармат», сталоў, крэслаў і іх дастаўка; паліва, газ; гарбата для валянтэраў).
Усяго патрацілі 5781 рубель.
Засталося 1525 рублёў. Гэтыя грошы плянуюць патраціць на ўсталяваньне памятнай шыльды да стагодзьдзя БНР.
«Горадня — горад, які прыняў урад БНР пасьля вымушанага адʼезду зь Менску. Цэлы шэраг будынкаў на нашых вуліцах памятае, як сто гадоў таму менавіта тут, у другой сталіцы БНР, рабілася гісторыя Беларусі. Мы лічым важным, каб у нашым горадзе была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму вырашылі, што рэшта сабраных сродкаў пойдзе менавіта на гэта», — кажуць арганізатары сьвята ў Горадні.
Падчас сьвяткаваньня ў Калоскім парку сабралі каля 250 подпісаў за ўсталяваньне шыльды. Першыя сустрэчы з гарадзкімі ўладамі, каб абмеркаваць гэтую ініцыятыву, ужо адбыліся. Шыльду хочуць усталяваць да лютага 2019 году, калі споўніцца сто год ад моманту, як Горадня стала другой сталіцай БНР.