У Беларусі не чакаюць моцнай паводкі. Пра гэта сказаў журналістам 28 сакавіка кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру па гідрамэтэаралёгіі, кантролі радыяактыўнага забруджаньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Раман Лабазнаў.
Паводле яго, сёлета веснавы разьліў пройдзе спакойна. Гэтаму спрыяе тэмпэратурны рэжым, калі ўначы фіксуюцца мінусавыя тэмпэратуры, а ўдзень — плюсавыя. Пагроза падтапленьня асобных прыватных сядзібаў, лецішчаў і дарог існуе толькі ў трох абласьцях — Магілёўскай, Гарадзенскай і Берасьцейскай.
Самы нэгатыўны сцэнар прадугледжвае падтапленьне 140 населеных пунктаў у 43 раёнах, заявіў супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Анатоль Балябін. Аднак гэты сцэнар цяпер не пацьвярджаецца.
Спадар Балябін дадаў, што ў краіне стварылі 16 зводных атрадаў МНС, якія пры неабходнасьці можна будзе перакінуць у любы пункт Беларусі за шэсьць гадзін.
Самыя рызыкоўныя месцы для паводак
Паводле дадзеных Рэспубліканскага цэнтру па гідрамэтэаралёгіі, узровень вады цяпер перавышае небясьпечныя рысы на Прыпяці каля вёскі Чэрнічы і гораду Петрыкава, і на прытоку Прыпяці — рэчцы Случ каля вёскі Ленін.
На Прыпяці каля Мазыра і на яе прытоку — рэчцы Убарць каля вёскі Краснабярэжжа ўзровень вады наблізіўся да небясьпечнага высокага ўзроўню. Каб яго дасягнуць, застаецца 2 і 8 сантымэтраў, адпаведна.