У Беларусі зьмяняюцца правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі. «Новыя правілы больш лібэральныя і спрошчаныя», — сказаў журналістам 27 сакавіка першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Аляксандар Кулік.
Што зьмянілася ў лепшы бок
- Спрашчаецца працэдура атрыманьня паляўнічых угодзьдзяў (дастаткова толькі заявы, не патрэбная акрэдытацыя, тэрмін арэнды павялічваецца з 10 гадоў да 20);
- падчас веснавога паляваньня на адну гадзіну скарачаецца тэрмін забароны паляваньня (раней з 11-й гадзіны да 18-й, цяпер з 12-й);
- у паляўнічых гаспадарках можна будзе браць стрэльбу ў арэнду (гэта асабліва прывабна для замежнікаў, якія прылятаюць у Беларусь у рамках бязьвізавага рэжыму);
- скарачаецца колькасьць кантралёраў за вядзеньнем паляўнічых гаспадарак і паляваньня (застаецца толькі Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету);
- пуцёўку для паляваньня можна будзе набываць праз інтэрнэт (гэтая норма ўступае ў дзеяньне не пазьней за 1 студзеня 2019 году);
- прадугледжваюцца бясплатныя пуцёўкі на паляваньне для тых, хто добраахвотна папрацуе ў лясных угодзьдзях (будзе чысьціць лес, усталёўваць гняздоўі, падкормліваць жывёлу).
40% ад усіх паляўнічых прыбыткаў даюць замежнікі
Менавіта такую лічбу назвалі сёньня. Замежны паляўнічы тур і цяпер дае добры прыбытак. А бязьвізавы ўезд і магчымасьць узяць стрэльбу ў арэнду, як лічаць спэцыялісты Міністэрства лясной гаспадаркі, падвысяць цікавасьць да паляваньня ў Беларусі.
Беларусь стала менш цікаваю для замежных аматараў паляваньня пасьля таго, як тут забаранілі паляваць на дзікоў. Але цяпер прываблівае магчымасьць папаляваць на ваўкоў. Іх у Беларусі цяпер каля дзьвюх тысяч. А ў шэрагу эўрапейскіх краінаў іх лік вядзецца на сотні, а то і на дзясяткі. Таксама прывабліваюць паляваньні на ласёў і глушцоў.
Дарэчы, каб узяць арэндную стрэльбу, замежнаму турысту не спатрэбіцца ніякага спэцыяльнага дазволу беларускіх уладаў, дастаткова толькі пасьведчаньня на права паляваньня, выдадзенага ў краіне, дзе ён жыве.
Паводле Міністэрства лясной гаспадаркі, паляўнічых у Беларусі каля 120 тысяч.