Кіраўніцу тэатру «Вір» пакаралі пасьля выступу на сьвяце да #БНР100. Яе кантракт пад пагрозай

Вулічны тэатар «Вір» падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру. Менск, 25 сакавіка 2018 году

Дысцыплінарным спагнаньнем за незапоўнены журнал і пагрозай не працягнуць кантракт скончыўся выступ на менскім «Сьвяце незалежнасьці» для кіраўніцы вулічнага тэатру «Вір» Ганны Несьцеравай.

Кіраўніца вулічнага тэатру «Вір» Ганна Несьцерава кажа, што пасьля ўдзелу артыстаў у сьвяткаваньні 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру ёй зноў пачалі пагражаць звальненьнем.

Артысты тэатру на дыбах у яркіх строях раздавалі на сьвяце праграмкі і забаўлялі дзетак з бацькамі.

Кіраўніцтва цэнтру адмаўляе, што да Несьцеравай ёсьць прэтэнзіі за ўдзел у імпрэзе, кажа, што насамрэч яна не выконвае сваіх службовых абавязкаў — 2,5 месяца не запаўняе журнал.

Вулічны тэатар «Вір» працуе на базе цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт» у Цэнтральным раёне Менску. Перад сьвятам намесьніца дырэктара цэнтру Ірына Барадай паведаміла Ганьне Несьцеравай, што яна праглядала сацсеткі і лічыць, што «Вір» павінен адмовіцца ад выступу. Маўляў, тэатар працуе на базе ўстановы адукацыі і недапушчальна, каб дзеці выступалі на такой падзеі.

24 сакавіка карэспандэнту Свабоды спадарыня Барадай заявіла, што ніякай забароны не было, яе няправільна зразумелі.

Ганна Несьцерава

Аднак пасьля сьвята 26 сакавіка падзеі мелі працяг, паведаміла Ганна Несьцерава.

«Мяне выклікала да сябе кіраўніцтва, аднак пасьля таго, як я паспрабавала ўключыць дыктафон, размаўляць адмовіліся і ўсю інфармацыю перадавалі праз маю загадчыцу аддзелу. Быццам я вінаватая ў тым, што кіраўніцтва і цэнтру, і ўпраўленьня адукацыі Цэнтральнага раёну суботу і нядзелю правялі на працы, глядзелі онлайн-трансьляцыю. Адной з галоўных прэтэнзій быў удзел у імпрэзе на дыбах 13-гадовай дзяўчынкі. Але дзяўчынка выступала разам з татам, ён ёй дазволіў. Пачаліся і дробныя „прыдзіркі“ — знайшлі незапоўнены журнал, за што я атрымала дысцыплінарнае спагнаньне», — расказала кіраўніца вулічнага тэатру.

Яна таксама паведаміла Свабодзе, што яе прымусілі напісаць некалькі тлумачальных — чаму журнал не запоўнены, чаму ад тэатру выступала 13-гадовая дзяўчынка, таксама што тычыцца яе мэтадычнай працы.

Тэатар працуе на базе менскай 35-й школы, у калектыве 15 чалавек ад 13 да 40 гадоў. Цяпер Ганьне паведамілі, што яна будзе праводзіць заняткі на базе самога цэнтру, у галоўным корпусе на вуліцы Максіма Танка, 8. Памяшканьня яшчэ не знайшлі, але будуць шукаць.

«Як стала зразумела з усіх размоваў, кантракт са мной працягваць ня будуць (ён у мяне, як і ва ўсіх пэдагогаў дадатковай адукацыі, да 31 траўня), — сказала кіраўніца вулічнага тэатру «Вір».

Ганна Несьцерава працуе ў цэнтры ад 2006 году, яна пэдагог найвышэйшай катэгорыі.

Дырэктар цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт» Алена Ліпень доўга адмаўлялася камэнтаваць сытуацыю. Толькі сказала, што выклікалі Несьцераву зусім не наконт удзелу ў сьвяце.

«Ніякіх камэнтароў я даваць ня буду. Гэта ўсё поўная лухта, ніякіх рэпрэсій у дачыненьні Несьцеравай ніхто не прымяняў. Проста калі б яна рабіла правільна, паводле закону, не было б ніякіх пытаньняў. Ганна Несьцерава два з паловай месяцы не запаўняе журнал. Гэта вельмі сур’ёзнае парушэньне, яна атрымлівае заробак у цэнтры. Больш ніякіх пытаньняў да яе не было», — заявіла Алена Ліпень.