Учорашняе сьвята будуць ацэньваць з розных ракурсаў. Але бясспрэчны, я думаю, калясальны асьветніцкі зарад, які многія з прысутных атрымалі ўпершыню, а хто не ўпершыню — ўмацаваліся ў сваёй і агульнай пазыцыі.
Сучаснае і натхняльнае асьветніцтва прынцыпова адрозьнівала сьвята ад акцыяў 25 сакавіка апошніх дваццаці гадоў, калі хадзілі шэсьцем і крычалі «Жыве Беларусь!», і калі хто не трапляў у каталажку, дык сыходзіў з зарадам голага радыкалізму і толькі.
Сёньня фэйсбук нагадаў мне пра мой уласны пост 26 сакавіка мінулага году:
Прадавец кажа: кожны беларус хоча пасадзіць прэзыдэнта.
«Езьдзілі сёньня купляць яблыні, саджанцы. Людзей шмат. Усе бяруць гатунак «Прэзыдэнт». Прадавец кажа: кожны беларус хоча пасадзіць прэзыдэнта. А я вось пра што падумаў. Калі яго пасадзяць, ці знойдзецца хоць адна душа, якая прынясе яму перадачу?»
Летась гэты пост лайкнулі 230 чалавек, сёлетні рэпост — 10. І справа, думаю, ня толькі ў надвор’і (сёлета 26 сакавіка да пасадкі дрэваў, выглядае, яшчэ далёка).
Адбылася відавочная зьмена настрою. Летась сьвядомы народ перажываў і злосьць і пратэст з нагоды ўчорашняга брутальнага разгону. Сёлета ў радасьць ад удалага сьвята дамешваецца непрыемная цягучая абыякавасьць у дачыненьні да ўладаў — лепш не чапаць ліха. Сьвядомы народ адмаўляецца ад пратэсту зь цяжкай душою. Але ён на тое і сьвядомы, бо ўсьведамляе, што і сілаў у яго на выніковы пратэст няма, і што ўлада подлая — яна ня выйдзе на бой з адкрытым забралам. Як нехта трапна заўважыў, дазволіўшы сьвята, яна і тут падпусьціла душку. Хтосьці ў пратэсьце бачыць аслабленьне краіны перад абліччам агрэсіўнага «рускага міру». А галоўнае — пэрспэктыва пасьля сьвята зрабілася не ясьнейшай, а яшчэ больш туманнай.
Ва ўладзе адбываецца раздваеньне.
Прафэсійная подласьць дзяржаўных СМІ выявілася ў поўным замоўчваньні сьвята. Гэта значыць, той асьветніцкі зарад уладам чужы і варожы? Але было ж заключэньне афіцыйных гісторыкаў пра БНР, былі дазволеныя выставы, помнік у парку і дапамога правесьці канцэрт. Гэта значыць, што ва ўладзе адбываецца раздваеньне. Тым часам кожная новая акцыя грамадзянскай супольнасьці з нагоды сотых угодкаў незалежнасьці будзе працаваць на кансалідацыю сьвядомага народу.
Адсюль і туманнасьць пэрспэктывы: мы ня можам прагназаваць паводзіны ўлады. Адзінае, што можам сказаць пэўна — доўга заставацца ў раздвоеным стане яна ня будзе, бо гэта як хвароба, аслабляе. Слова «незалежнасьць», здаецца, ва ўладнай рыторыцы ўжо пазбавілася нэгатыўных канатацыяў. Але сам характар аўтарытарнае вэртыкалі не дазваляе ёй далучыцца да незалежнага грамадзтва і яго асьветніцкіх зарадаў. У іх розная прырода. У кожным разе, асьвета разышлася з пратэстам і перад выбарам цяпер апынулася ўлада.
Галоўнае, што мы пабачылі і пачулі на сьвяце каля Опэры — менавіта асьвета на тэму БНР робіць людзей унутрана вольнымі і назапашвае сілу як для выніковага пратэсту, так і для абароны незалежнасьці сваёй краіны.
Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.