У сувязі з трагедыяй у гандлёва-забаўляльным цэнтры «Зімовая вішня» ў расейскім Кемераве, дзе ў выніку пажару загінула ня менш за 64 чалавекі, Аляксандар Лукашэнка даручыў МНС праверыць усе гандлёвыя цэнтры ў Беларусі.
Міністар па надзвычайных сытуацыях Уладзімер Вашчанка сказаў БелТА, што правяраць будуць шляхі эвакуацыі, працу сыстэмы бясьпекі, аўтаматыкі, пажаратушэньня, навучаньне пэрсаналу.
Ён сказаў, што раней па просьбе бізнэсмэнаў абмяжоўваліся праверкі, здымаліся розныя бар’еры, якія перашкаджалі разьвіцьцю бізнэсу.
На сваёй старонцы ў фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі напісаў, што ўсе гандлёвыя цэнтры ў Беларусі правераць на гэтым тыдні. Каб наведнікі ведалі, ці бясьпечны той ці іншы гандлёвы цэнтар, інфармацыя пра вынікі праверак будзе разьмешчана ў адкрытым доступе.
Віталь Навіцкі адказаў на пытаньне: ці можа ў Беларусі паўтарыцца падобны пажар?
«Двух аднолькавых пажараў не бывае. Хуткасьць распаўсюджваньня агню, тэхналёгія тушэньня заўсёды будуць адрозьнівацца. Вучэньні, заняткі і трэніроўкі рэгулярна праводзяцца на ўсіх падобных абʼектах. Нязьменнай застанецца прычына — чалавечы фактар. Дзіця з запальнічкай, рабочы, які не зьвяртае ўвагі на тэхніку бясьпекі, кароткае замыканьне сьвяцільніка могуць здарыцца ў любым месцы».
Паводле Віталя Навіцкага, на пытаньне, хто вінаваты ў пажары ў кемераўскай «Зімовай вішні», адказ дадуць камэпэтэнтыя органы, але ў 99 выпадках са 100 вінаваты ўладальнік абʼекта.
Сёньня ж ратавальнікі правялі вучэбную эвакуацыю ў ГЦ «Галерэя» ў Менску.