Украінская чыгунка патрабуе ад Мазырскага НПЗ 1 мільён грыўняў кампэнсацыі

Ілюстрацыйнае фота

Рэгіянальная філія ўкраінскага прадпрыемства «Укрзалізниця» — «Прыдняпроўская чыгунка» — зьвярнулася ў суд з пазовам да Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу аб спагнаньні кампэнсацыі страт у памеры больш як адзін мільён грыўняў (амаль 40 тысяч даляраў у эквіваленце) за аварыю на чыгунцы.

Летась у ліпені на чыгуначнай станцыі Дзіеўка, што паблізу гораду Дняпро, у грузавым цягніку, які належаў Беларускай чыгунцы, праз пашкоджаньне зьліўной гарлавіны адной з цыстэрнаў адбылася ўцечка. На плошчу 80 квадратных мэтраў вылілася каля 30 тон бэнзіну, а рух усіх цягнікоў — і пасажырскіх, і грузавых — быў прыпынены на дзьве гадзіны. Тады Дзяржаўная служба Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях заявіла пра адсутнасьць пагрозы для насельніцтва і навакольнага асяродзьдзя.

Да 4 красавіка ўкраінскі бок абавязаўся перакласьці ўсе судовыя дакумэнты ў гэтай справе на расейскую мову і перадаць іх Беларусі. Падрыхтоўчае паседжаньне суду прызначана на 30 траўня. Справу будзе разглядаць Гаспадарчы суд Днепрапятроўскай вобласьці.