Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус павіншаваў беларусаў з 100-годзьдзем абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Свой зварот Лінас Лінкявічус прамовіў па-беларуску.
«Акт незалежнасьці 25 сакавіка паказаў ясны намер беларускага народу жыць самастойна, захоўваць свае звычаі і мову. Толькі стварыўшы нацыянальную дзяржаву, народ можа быць спакойным за сваю будучыню, бо гэта гарантыя выжываньня, паўнавартаснага разьвіцьця.
Лічу, што абвяшчэньне незалежнасьці ў 1918 годзе дапаможа вам і сёньня захаваць беларускую тоеснасьць і ганарыцца ёй. Літва як найбліжэйшая суседка зацікаўленая ў будучыні Беларусі як незалежнай дзяржавы, якая прытрымліваецца эўрапейскіх нормаў і каштоўнасьцяў.
За нашу і вашу свабоду!»
Зь віншавальным лістом да беларусаў з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі таксама зьвярнуўся прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.