З ізалятара на Акрэсьціна вызвалілі затрыманых напярэдадні ініцыятараў шэсьця на Дзень Волі: Уладзімера Някляева, Вячаслава Сіўчыка, Максіма Вінярскага, Леаніда Кулакова і Яўгена Афнагеля, паведамляе БелаПАН. Таксама на волі Мікалай Статкевіч, якога затрымалі раніцай 25 сакавіка.
Затрыманыя былі ініцыятарамі правядзеньня забароненага Менгарвыканкамам шэсьця на Дзень Волі. Яны плянавалі правесьці 25 сакавіка традыцыйную дэманстрацыю ад плошчы Якуба Коласа да Опэрнага тэатру.
На Дзень Волі ў Беларусі затрымалі больш за 100 чалавек. Некаторых чакаюць суды
Уладзімера Някляева, Вячаслава Сіўчыка і Максіма Вінярскага затрымалі 21 сакавіка і зьмясьцілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна. Як меркавалася, Някляева і Сіўчыка арыштавалі на 10 і 5 сутак адпаведна за акцыі, якія адбыліся ў 2017 годзе.
Максім Вінярскі і Леанід Кулакоў былі арыштаваныя на 10 сутак за акцыю супраць блякаваньня парталу «Хартыя-97», праведзеную 13 сакавіка ў Менску.
Міколу Статкевіча затрымалі раніцай 25 сакавіка ля ягонага дома, ён знаходзіўся ў Ленінскім РУУС.
Правесьці шэсьце на Дзень Волі не ўдалося – удзельнікаў акцыі затрымалі падчас збору на плошчы Якуба Коласа. На месцы збору ўдзельнікаў забароненага шэсьця праваахоўнікі затрымалі больш за 30 чалавек.
Як паведамляла Свабода, спачатку затрымлівалі ўсіх, хто меў пры сабе бел-чырвона-белыя сьцягі, кветкі, — «для высьвятленьня асобы». Потым пачалі затрымліваць усіх, хто быў на плошчы.