Каля будынка Вялейскага раённага Дома культуры быў затрыманы Аляксей Сюдак, кіраўнік Вялейскай раённай арганізацыі партыі БНФ.
Аляксей Сюдак пасьпеў запусьціць жывую трансьляцыю затрыманьня на Фэйсбуку. Аднак трансьляцыя перарвалася ў РАУСе Вялейскага раёну. Міліцыя патлумачыла, што падазрае яго ў тым што «ён прыставаў да кампаніі, трэба разьбірацца».
А 18-й гадзіне ў Вялейцы сьвяткавалі 100-годзьдзе незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Каля 20 чалавек прыйшло на кінапрагляд і сьвяточны канцэрт.
«За намі назірала міліцыя, у Вялейку прыехаў аўтазак, але затрымалі толькі Аляксея», — сказаў сьведка затрыманьня Павал Хаванскі. Па тэлефоне Аляксей Сюдак сказаў, што правяраюць дакумэнты і абяцаюць праз гадзіну адпусьціць.
Пасьля таго, як яго выпусьцілі з пастарунку, Аляксей Сюдак расказаў Радыё Свабода:
«У нас на офісе было мерапрыемства, сьвяткавалі Дзень Волі. Пайшлі з сябрам ў краму, выходзім — дзьве машыны міліцыі. Нібыта нейкі барадаты мужык, нібыта прыставаў да дзяўчатаў. У РАУСе апыталі, я расказаў, дзе я быў, па якім адрасе, хто сьведкі і пакуль адпусьцілі. Нічога не зразумела, але я на волі».