20 сакавіка ў Менску прэзэнтавалі новае выданьне ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» — грунтоўнае дасьледаваньне пад назвай «Падарожжа ў БНР» (PDF) журналіста Радыё Свабода Сяргея Шупы.
Гэта «архіўны раман», як назваў яго рэдактар кнігі Аляксандар Лукашук, ці «гісторыя для чайнікаў» — вызначэньне самаго аўтара.
Кніга ўяўляе сабой дасьціпны і ўпарадкаваны паказ у гістарычным кантэксьце арыгінальных дакумэнтаў і матэрыялаў, якія захоўваюцца ў фондах БНР у архівах Менску і Вільні. Яна занадта маляўнічая, каб быць гістарычнай манаграфіяй, і занадта стрыманая ў аўтаравай фантазіі, каб быць літаратурным творам, адсюль і жанр — «архіўны раман». На яе старонках у трох сотнях кароткіх фрагмэнтаў апісваецца ўзьнікненьне цуду, які адбыўся 100 гадоў таму, — незалежнай Беларусі.
Спампаваць кнігу>>>
«Я перабраў тысячы дакумэнтаў, што захоўваюцца ў менскіх і віленскіх архівах, перачытаў мноства тагачасных газэт Беларусі і навакольных краінаў, — кажа Сяргей Шупа. — 20 гадоў таму прадуктам такой апантанасьці сталі дзьве кнігі „Архіваў БНР“. Гэта трошкі адпусьціла, думалася: ну вось, дакумэнты назьбіраліся, яшчэ выйдзе такі самы том зь менскай часткай — і пачне зьяўляцца нейкі новы творчы плён. Навукоўцы не падвялі — зьяўляецца нямала новых працаў. А вось папулярнай літаратуры не відаць. Дык вырашыў сесьці і пераказаць усё простымі словамі — тым, каму цікава і хто ня мае часу вышукваць залацінкі ў моры дакумэнтальнага матэрыялу».
Водгукі на кнігу
- Сяргей Дубавец: «Выходзіш поўны эмоцыяў, новых ведаў, са стройнай карцінаю ў галаве»
- Вінцук Вячорка: «Падступны аўтар пакінуў некалькі інтрыгаў, вартых расьцягваньня на мэмы»
- Сяргей Харэўскі: «Той, хто выправіцца ў падарожжа ў БНР, застанецца там назаўжды!»
- Натальля Гардзіенка: «Раман архіўны, а гісторыя — жывая»
Your browser doesn’t support HTML5
Кніга «Падарожжа ў БНР» — у публікацыях на сайце Свабоды
Падкасты «Падарожжа ў БНР». СЛУХАЦЬ
Усе кнігі «Бібліятэкі Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»