На ўрачыстае пасяджэньне ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менскай івэнт-прасторы «210 мэтраў» сабралася некалькі сотняў чалавек. Сярод іх палітыкі, дзеячы культуры, навукі, амбасадары замежных краін. Прысутныя засьпявалі гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», паслухалі зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, памаліліся ў памяць стваральнікаў БНР.
На сходзе згадалі сябраў аргкамітэту святкаваньняў і актывістаў, якія былі арыштаваныя апошнімі днямі, і выказалі спадзеў, што юбілей БНР будзе яднаць беларускае грамадзтва.
Старшыня аргкамітэту па сьвяткаваньні юбілею БНР Мікола Купава распавёў пра гісторыю змаганьня беларусаў з расейскім імпэрыялізмам, пра тое, як загінулі стваральнікі БНР, якія не змаглі эміграваць. Колішні старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб заявіў, што ганарыцца тым што працягнуў справу БНР, падпісаўшы Канстытуцыю незалежнай Рэспублікі Беларусь.
«Асобныя пасылы не спадабаліся нашым усходнім суседзям. Яны ужылі розныя падыходы якія прывялі да зьмяненьня Канстытуцыі і увядзеньня расейскай мовы у нас як дзяржаўнай».
«Гістарычную праўду схаваць нельга. Ня сёньня, дык заўтра яна выйдзе на паверхню. І яна ужо выйшла. Вецер разгоніць хмары і мы гэтаму ветру дапаможам», — заявіў Мечыслаў Грыб.
Колішні дэпутат Вярхоўнага Савету Лявон Баршчэўскі на розных мовах вітаў дыпляматаў краін, якія спрыялі станаўленьню БНР. «Без БНР не было б БССР, а БССР дазволіла нам, дэпутатам 12 скліканьня, абвясьціць стварэньне незалежнай Беларусі, якая сёньня прызнаная 200 краінамі сьвету,» — сказаў Баршчэўскі.
«Мы шчасьлівыя людзі, мы жывем у час, калі зерне кінутае ў ніву узышло,» — сказаў сябра Рады БНР Аляксандар Старыкевіч.
Звароту ад ўладаў Беларусі на ўрачыстым сходзе не было.