Раскамнагляд спрабуе заблякаваць інтэрнэт-рацыю Zello

Раскамнагляд у кайданках з пагонамі

Раскамнагляд выдаў апэратарам сувязі рэкамэндацыі аб блякаваньні інтэрнэт-рацыі Zello, папулярнай у дальнабойнікаў.

Лісты ў Telegram-канале апублікаваў інтэрнэт-экспэрт Міхаіл Клімароў, інфармацыю пацьвердзілі «Ведомостям» супрацоўнікі трох апэратараў.

Раскамнагляд назваў падсеткі, якія трэба заблякаваць для спыненьня працы сэрвісу. Усяго ў сьпіс трапілі 36 падсетак, з іх 26 належаць Amazon. Гэтыя сеткі маюць 15 мільёнаў IP-адрасоў. У лісьце сказана, што калі хаця б адна сетка застанецца разблякаванай, то рацыя працягне сваю працу, паведамляе Republic.

Як пішуць «Ведомости», іх карэспандэнт запампаваў прыкладаньне ў AppStore, але яно не запрацавала. У супрацоўніка Republic праблем з запускам інтэрнэт-рацыі не ўзьнікла. Абмежаваньні таксама можна абыходзіць з дапамогай VPN.

Раскамнагляд пачаў блякаваць Zello у Расеі ў красавіку 2017 года з-за таго, што мэсэнджэр не паведаміў уладам Расеі пра пачатак працы ў краіне на працягу трох дзён.

Zello — гэта інтэрнэт-рацыя, прыкладаньне дазваляе ствараць адкрытыя і закрытыя групы. Дальнабойнікі выкарыстоўвалі яго для каардынацыі сваіх дзеяньняў падчас акцый пратэсту.