10 захапляльных думак пра БНР у дзень 100-гадовага юбілею

Ужо сто гадоў беларусы на радзіме і на эміграцыі не забываюць пра 25 Сакавіка 1918 году. Ужо больш за 30 гадоў адзначаю гэтую дату і я. У дзень 100-гадовага юбілею аднаўленьня нашай дзяржаўнасьці думкі пра БНР асабліва хвалююць і асабліва натхняюць. Вось дзесяць маіх галоўных юбілейных высноваў.

Цуд

Выхад беларусаў на гістарычную арэну ў пачатку ХХ стагодзьдзя інакш як цудам не назавеш. Наш народ у нацыянальным самаўсьведамленьні і арганізацыйным афармленьні нацыянальнага руху адставаў ад усіх суседніх народаў. Ад моманту выданьня першай легальнай беларускай газэты «Наша доля» ў 1906 годзе да Першага Ўсебеларускага зьезду прайшло ўсяго 11 гадоў.

Гэты цуд адбыўся дзякуючы ахвярнай працы беларускіх асьветнікаў — літаратараў, выдаўцоў, журналістаў, настаўнікаў, сьвятароў і грамадзкіх дзеячоў. Дапамагла яму і па-сапраўднаму не ацэненая яшчэ трагедыя бежанства, калі больш за мільён беларусаў апынуліся ў этнічнай Расеі і ўбачылі сваю глыбокую адрознасьць ад карэннага народу імпэрыі.

Роўныя сярод роўных

Цуд зьяўленьня на гістарычнай арэне беларусаў сьведчыць пра глыбокія гістарычныя карані нашага народу, яго вялікую гістарычную энэргію і жыцьцёвую сілу. Закладзены ў Х-XVI ст. этнічна-культурны патэнцыял як спружына выпрастаўся ў другой палове ХІХ-пачатку ХХ ст. і даў свой магутны плён.

Мы зрабілі гэта пасьля ўкраінцаў, малдаван, літоўцаў, эстонцаў і раней за грузін, армян, азэрбайджанцаў, чэхаў, палякаў, латышоў і сэрбаў

У выніку беларусы пасьпелі стварыць дзяржаву і абвясьціць незалежнасьць у адным і тым жа 1918 годзе разам з астатнімі народамі свайго рэгіёну Эўропы.

Мы зрабілі гэта адразу пасьля ўкраінцаў, малдаван, літоўцаў, эстонцаў і раней за грузін, армян, азэрбайджанцаў, чэхаў, палякаў, латышоў і сэрбаў. Ня ўсе з гэтых народаў незалежнасьць утрымалі, але свае дзяржавы стварылі ўсе.

Часткова сплачаны доўг шляхты

У выніку неспрыяльнага ходу гісторыі беларускі народ амаль цалкам страціў сваю арыстакратыю. Тым ня менш найлепшая частка шляхты, асабліва ўдзельнікі паўстаньня 1863-64 гг. і іх нашчадкі часткова сплацілі саслоўны доўг перад калісьці пакінутым і здраджаным народам.

Многія прадстаўнікі беларускага руху, у тым ліку самыя першыя, былі шляхецкага і нават магнацкага паходжаньня. Фактычна, беларускі рух пачала шляхта — Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Вацлаў Іваноўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Карусь Каганец і многія іншыя.

Паступова да іх далучылася і арыстакратыя. Створаны ў Менску празь месяц пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году першы орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага народу — Беларускі Нацыянальны камітэт — узначаліў самы багаты чалавек краю, магнат і будучы прэм'ер-міністар БНР Раман Скірмунт, а спонсарамі Камітэту сталі Эдвард Вайніловіч, Станіслаў Радзівіл, Марыя Магдалена Радзівіл з дому Завіша і іншыя.

Воля народу

Дзесяцігодзьдзі замоўчваньня савецкай прапаганды не змаглі адмяніць той факт, што Першы Ўсебеларускі зьезд, які адкрыўся ў Менску ў сьнежні 1917 году, быў самым прадстаўнічым органам беларускага народу, які толькі мог быць на той час. І скліканы ён быў з санкцыі тагачасных уладаў Расеі. Я проста пералічу органы мясцовай улады, установы, арганізацыі і партыі, ад якіх выбіраліся прадстаўнікі на зьезд.

Першы Ўсебеларускі зьезд, які адкрыўся ў Менску ў сьнежні 1917 году, быў самым прадстаўнічым органам беларускага народу, які толькі мог быць на той час

Гэта дэлегаты з рашаючым голасам ад губэрнскіх, павятовых і валасных земстваў, губэрнскіх і павятовых самакіраваньняў, губэрнскіх і павятовых зямельных камітэтаў, губэрнскіх арганізацый паштовых і тэлеграфных служачых, дарожных камітэтаў, губэрнскіх і павятовых настаўніцкіх арганізацый, Саюзу земскіх служачых, бежанскіх камітэтаў, ад беларускіх нацыянальных арганізацый, вайскоўцаў-беларусаў арміі, флёту і тылу, ад Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, ад Беларускага абласнога камітэту Савету сялянскіх дэпутатаў, ад Вялікай беларускай Рады, Цэнтральнай Вайсковай беларускай Рады і многіх іншых.

З дарадчым голасам у зьезьдзе бралі ўдзел прадстаўнікі палітычных партый, у тым ліку партый нацыянальных мяншыняў — расейскай, габрэйскай, польскай і літоўскай.

У лютым-сакавіку 1918 году выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду стварыў урад Беларусі і абвясьціў аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была прадстаўнічая воля ўсяго беларускага народу.

Легітымнасьць Устаўных грамат

У ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году за абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі прагаласавала большасьць Рады БНР. Нягледзячы на тое, што былі і праціўнікі гэтага рашэньня, яно было прынятае легітымна і легітымным органам.

У наступны месяц некаторыя праціўнікі незалежнасьці выйшлі са складу Рады і Ўраду БНР. Тым ня менш, юрыдычную сілу і гістарычнае значэньне трох Устаўных (канстытуцыйных) грамат БНР аспрэчыць немагчыма.

Менавіта легітымнасьць рады БНР і Ўстаўных грамат змусіла бальшавікоў пайсьці на стварэньне БССР. Гэта прызнаюць і афіцыйныя беларускія гісторыі.

Легітымнасьць Рады БНР пасьля 1925 году

На Бэрлінскай канфэрэнцыі Рады і Ўраду БНР у кастрычніку 1925 году пастанову аб самаліквідацыі і прызнаньні Менску адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва прыняў толькі ўрад на чале з Аляксандрам Цьвікевічам.

Гістарычная і юрыдычная праўда, аднак, заключаецца ў тым, што ведаючы пра намер Цьвікевіча выехаць у Менск, старшыня Рады БНР Пётра Крэчаўскі яшчэ да пачатку Бэрлінскай канфэрэнцыі змусіў членаў ураду Васіля Захарку, Лявона Зайца і Ўладзімера Пракулевіча пайсьці ў адстаўку. Заявы яны напісалі 4 кастрычніка, адстаўку Крэчаўскі прыняў 10-га, а канфэрэнцыя пачалася 12-га.

Цьвікевіч перадаў бальшавікам у Менску абодва варыянты юрыдычна нікчэмнага дакумэнту

Такім чынам рашэньне ўраду аб самаліквідацыі 15 кастрычніка Заяц і Пракулевіч падпісалі ўжо як прыватныя асобы. Трэцім падпісантам быў кіраўнік ураду Аляксандар Цьвікевіч. Прыватная асоба Васіль Захарка падпісаў другі варыянт пастановы аб самароспуску ўраду, дзе не было прызнаньня Менску як адзінага цэнтру нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва.

Без зацьвярджэньня старшынём Прэзыдыюму Рады БНР рашэньне аб самаліквідацыі ўраду ня мела сілы. Выканаўчая ўлада перайшла да Прэзыдыюму Рады БНР.

Цьвікевіч перадаў бальшавікам у Менску абодва варыянты юрыдычна нікчэмнага дакумэнту.

У наш час Рада БНР выконвае функцыі парлямэнту, а яе Прэзыдыюм ураду — на выгнаньні.

Рэпрэсіі як доказ гістарычнай рацыі БНР

Карны орган бальшавікоў ЧК-НКВД-ГПУ-МГБ многія дзесяцігодзьдзі перасьледаваў і зьнішчаў заснавальнікаў БНР. Мала хто зь іх здолеў памерці сваёй сьмерцю. Менавіта гэта зьяўляецца страшным, вусьцішным доказам гістарычнай рацыі тварцоў і ўдзельнікаў беларускай нацыянальнай рэвалюцыі.

Вось толькі адзін факт. У 1945 годзе ў Празе супрацоўнікі дзяржаўнай бясьпекі СССР затрымалі ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну Васіля Русака. У пастанове пра затрыманьне была пазначана і віна, якая яму інкрымінавалася. Уявіце сабе, праз 28 гадоў Русаку ставілі ў віну «участие в антисоветском всебелорусском съезде 1917 года...»

Заслуга гісторыкаў

У тым, што праўда пра Першы Ўсебеларускі зьезд і пра Беларускую Народную Рэспубліку ў наш час усё ж прабіла сабе дарогу ў энцыкляпэдыі, падручнікі і акадэмічныя выданьні, ёсьць вялікая заслуга сучасных гісторыкаў.

Якім бы моцным ня быў ціск дзяржаўнай ідэалягічнай машыны, якой бы моцнай не была інэрцыя старой ідэалёгіі, менавіта гісторыкі прабілі дарогу гэтай праўдзе. І тое, што ў Беларусі ў дні 100-гадовага юбілею адбываецца вакол БНР — устаноўка шыльдаў, памятных знакаў, адкрыцьцё выставаў, выданьне навуковых і папулярных кніг — гэта непасрэдная заслуга беларускіх гісторыкаў і плён іх высокага патрыятычнага пачуцьця.

Новыя фармулёўкі

Менавіта з працай беларускіх гісторыкаў зьвязаны новы этап навуковага і грамадзкага асэнсаваньня падзеяў 1917-18 гг.

Праціўнікі БНР заўсёды зьвярталі ўвагу на той факт, што яна так і ня стала паўнавартаснай дзяржавай: не кантралявала ўсю тэрыторыю краіны, не стварыла адзінага нацыянальнага войска, не захавала незалежнасьці.

Беларуская Народная Рэспубліка была адноўленай дзяржаўнасьцю беларускага народу

Іх апанэнты наадварот сьцьвярджалі, што і сталіцу нейкі час кантралявалі, і Случчына была абвешчана тэрыторыяй БНР, і некаторыя міністэрствы плённа працавалі, напрыклад, міністэрства замежных спраў. Былі адкрыты дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў некалькіх краінах, некалькі суседніх дзяржаў прызналі БНР фактычна, а Фінляндыя ў сьнежні 1919 году — афіцыйна.

І вось сучасныя беларускія гісторыкі знайшлі фармулёўку. Паводле іх, Беларуская Народная Рэспубліка была адноўленай дзяржаўнасьцю беларускага народу. Адпаведна акты 9 і 25 сакавіка 1918 году былі аднаўленьнем нашай дзяржаўнасьці.

Мэта Рады БНР і яе Прэзыдыюму — самаліквідацыя

Рада БНР дамагаецца стану, калі незалежнасьць, статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і беларускі характар Рэспублікі Беларусь ня будуць пад пагрозай. Менавіта тады ўзьнікне глеба і падставы для перадачы дзяржаўных атрыбутаў БНР ураду Беларусі, а значыць і легітымнасьці ад Першага Ўсебеларускага зьезду.

У свой час польскі і літоўскі ўрады на выгнаньні перадалі свае паўнамоцтвы нацыянальным урадам сваіх дзяржаў.

Вельмі спадзяюся, што да перадачы дзяржаўных пячатак ня трэба будзе чакаць наступныя 100 гадоў. Магчыма, за гэта прагаласуе яшчэ цяперашні склад Рады БНР.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.