У Швайцарыі пачалі крымінальную справу пра пастаўкі зброі ў Расею, у тым ліку для аховы Пуціна

У Швайцарыі расьсьледуюць справу аб пастаўках у Расею тэхнікі, узбраеньняў і матэрыялаў ваеннага прызначэньня. Газэта Handelszeitung атрымала канфідэнцыйныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць супрацоўніцтва буйных швайцарскіх бізнэсоўцаў з прадстаўнікамі Расеі.

Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб пастаўках для службы аховы прэзыдэнта Расеі, гаворыцца ў публікацыі. Абвінавачваньні ў парушэньні заканадаўства могуць прад’явіць супрацоўнікам швайцарскай абароннай дзяржаўнай карпарацыі Ruag.

Сярод дакумэнтаў, атрыманых журналістамі, — лісты і сакрэтнае пагадненьне, у якіх фігуруюць імёны члена савета дырэктараў аднаго з падразьдзяленьняў карпарацыі Ruag і кіраўніка прадстаўніцтва банка Julius Baer ў Расеі, а таксама аднаго з гандляроў зброяй. Іх імёны не называюцца.

Cнайпэрскія вінтоўкі для асабістай аховы Пуціна

Паводле дадзеных Handelszeitung, у 2010 годзе ўдзельнікі пагадненьняў дамовіліся аб пастаўках аўтаматаў і бронекамізэлек, назіральнай апаратуры і мікрадронаў у Расею, краіны СНД і Мэксыку. Аб’ём угодаў з Расеяй склаў ад 50 да 150 мільёнаў даляраў, гаворыцца ў публікацыі. Выданьне Handelszeitung удакладняе, што ў Расею швайцарскія пастаўшчыкі адпраўлялі агнястрэльную зброю фірмы SIG Sauer і снайпэрскія вінтоўкі на некалькі мільёнаў даляраў для асабістай аховы прэзыдэнта Расеі.

У публікацыі адзначаецца, што самі пастаўкі былі легальнымі. Але журналісты падазраюць, што бізнэсоўцы правялі гэтыя ўгоды бязь ведама швайцарскіх працадаўцаў і прысвоілі камісійныя ўзнагароджаньні ў мільённым памеры. Верагодна, у рамках угоды зь верталётамі даваліся хабары супрацоўнікам расейскага дзяржаўнага прадпрыемства «Техснабэкспорт», які належыць канцэрну «Росатом». Прадстаўнік банку Julius Baer нібыта не падзяліўся з пастаўшчыком грашыма ад «верталётнай» угоды. Газэта сьцьвярджае, што сродкі ў памеры $8 млн гатоўкай трапілі ў распараджэньне «трэціх асобаў».

У расейскай кампаніі «Техснабэкспорт» заявілі, што ня маюць ніякага дачыненьня да карупцыйнага скандалу вакол швайцарскай кампаніі Ruag. «АО "Техснабэкспорт" ніколі не складала кантрактаў з кампаніяй Ruag», — цытуе прадстаўнікоў кампаніі агенцтва «Інтэрфакс».