23 сакавіка ў сэйме Літвы адбылася канфэрэнцыя «Літва і Беларусь: 100 гадоў да і пасьля». Літва — адзіная краіна, дзе сымпозіюм гісторыкаў, палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў дзьвюх краін прайшоў пад дэпутацкім патранатам.
Ініцыявалі канфэрэнцыю парлямэнтары, якія стварылі ў сэйме групу «За дэмакратычную Беларусь».
Яе кіраўнік дэпутат Лаўрынас Кашчунас заявіў пра пэрспэктывы ўсенароднага сьвяткаваньня гадавіны БНР у Беларусі.
«Мы верым, што дзень 25 сакавіка стане дзяржаўным сьвятам у Беларусі, як 16 лютага ў Літве. Гэта абавязкова будзе. І прыйдзе час, калі такая канфэрэнцыя будзе праходзіць ня толькі ў сэйме Літвы, але і ў сьценах дэмакратычна абранага парлямэнту Беларусі», — сказаў Кашчунас.
Як сказаў Свабодзе лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічае ў канфэрэнцыі, фактычна прайшлі дзьве дыскусіі: адна — з акцэнтам на падзеі 100-гадовай даўнасьці, другая — з увагай на пэрспэктыву сучасных адносін Літвы і Беларусі.
Да пачатку канфэрэнцыі пяцёх беларускіх палітыкаў (Анатоля Лябедзьку, Віталя Рымашэўскага, Галіну Скараход, Ігара Барысава і Леаніда Кучука) прыняў намесьнік міністра замежных спраў Літвы Дарыюс Скусявічус.