Навучэнцы Горадзенскага тэхналягічнага каледжа распаўсюдзілі ў сацсетках інфармацыю, што ў нядзелю 25 сакавіка ў іх навучальнай установе будзе праводзіцца спартовае сьвята. Сьцьвярджаюць, што гэта зроблена, каб навучэнцы не маглі браць удзелу ў сьвяткаваньнях 100-годзьдзя БНР.
«Сябры, а ў вас выпадкова на працы або ў навучальнай установе ў нядзелю 25 сакавіка не прыдумалі працоўны дзень?» — такое пытаньне задаюць у сацсетках навучэнцы Горадзенскага тэхналягічнага каледжа.
Намесьніца дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы Горадзенскага тэхналягічнага каледжа Ала Антановіч сказала Свабодзе, што ў нядзелю 25 сакавіка ў іх сапраўды будзе спартовае сьвята — спаборніцтвы, конкурсы.
«Культурна-масавыя, спартовыя мерапрыемствы ў нас плянуюцца загадзя. 25 сакавіка, у нядзелю, адбудзецца спартовае сьвята, яно добраахвотнае. Ніхто нікога нікуды не заганяе. У нас цягам году праводзіцца конкурс на лепшую студэнцкую групу, дзе ўлічваюцца і адзнакі, і пасьпяховасьць, і грамадзкая актыўнасьць, і спартовыя посьпехі. Вось у нядзелю будуць спаборніцтвы, удзел у якіх добраахвотны», — сказала Ала Антановіч.
20 пунктаў на мапе Беларусі. Адрасы сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР