У Віцебску пачынаецца суд над супрацоўніцай музэю, якую падазраюць у падпальваньні фондаў

Першамайскі суд, Віцебск

Працэс будзе праходзіць у судзе Першамайскага раёну Віцебску пад старшынствам судзьдзі Алены Жук.

Суд мае даць ацэнку дзеяньням галоўнай захавальніцы фондаў музэю Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва, супраць якой распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 218 «Сьвядомае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці небясьпечным для грамадзтва чынам».

Інцыдэнт, які стане прадметам судовага разбору, здарыўся ўночы з 19 на 20 сьнежня мінулага году. 40-гадовая захавальніца музэйных фондаў паведаміла пра пажар у памяшканьні ВЦСМ, які месьціцца на вуліцы Генэрала Белабародава, 5. Супрацоўнікам МНС і міліцыі яна патлумачыла, што апоўначы ў памяшканьне музэю зайшоў маньяк, які абліў газай паліцы і падпаліў. У выніку згарэлі дакумэнты, карціны, былі пашкоджаны сьцены памяшканьня, якое знаходзіцца на 1-м паверсе жылога дома — такім чынам, небясьпецы падвергліся мясцовыя насельнікі.

У Сьледчым камітэце гэтая вэрсія падзеяў падалася сумнеўнай: паўстала пытаньне, што рабіла сама захавальніца на працы ў такі позьні час. Спадарыня патлумачыла, што рыхтавалася да рэвізіі, якая мела адбыцца на наступны дзень. У выніку крымінальную справу за падпал завялі супраць яе асабіста.

Пасьля гэтага здарэньня супрацоўніца пэўны час адсутнічала на працы, а потым вярнулася на сваю працоўнае месца. Калегі падазраванай ад камэнтароў у гэтай справе адмаўляюцца, кіраўніцтва аддзела культуры і цэнтру сучаснага мастацтва таксама.

Выставачная заля ВЦСМ пасьля перапынку на рамонт ужо адчыненая для наведнікаў. Але няма ніякай афіцыйнай інфармацыі, якія дакумэнты і колькі карцін, што знаходзіліся на захаваньні, загінулі ў агні.

Судовы вырак залежыць ад таго, наколькі сур’ёзны ўрон быў нанесены музэйным фондам. Пакараньне паводле інкрымінаванага супрацоўніцы артыкулу прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.