Суд у Тайляндзе 17 красавіка прад’явіць абвінавачваньні Анастасіі Вашукевіч, вядомай у інтэрнэце як Насьця Рыбка, а таксама Аляксандру Кірылаву, які выкарыстоўвае псэўданім Алекс Лэсьлі. Пра гэта паведамляе тайскае агенцтва BenarNews. Якое менавіта пакараньне пагражае падсудным — не ўдакладняецца.
Вашукевіч, Кірылаў і яшчэ 8 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага паводле абвінавачаньня ў незаконнай дзейнасьці — паводле дадзеных уладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу на працу ў Тайляндзе.
Вашукевіч грамадзянка Беларусі. Яна сьцьвярджала, што за дзеяньнямі тайляндзкіх уладаў супраць яе і Лэсьлі стаіць ціск Расеі. Прадстаўнікі тайскай паліцыі, аднак, заявілі, што «арышт зроблены бязь нейкіх навядзеньняў з-за мяжы».
Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня апазыцыянэра Аляксея Навальнага аб магчымых карупцыйных сувязях мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней яна расказала аб тым, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі ў сваёй кнізе і сацыяльных сетках.
Што вядома пра Насьцю Рыбку — бабруйскую «сэкс-паляўнічую», якая здала расейскага алігарха
Пасьля затрыманьня ў Тайляндзе Вашукевіч зьвярнулася па дапамогу да амэрыканскіх спэцслужбаў. Яна заявіла пра гатоўнасьць расказаць нейкія падрабязнасьці аб умяшаньні Крамля ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, сьцьвярджаючы, у прыватнасьці, што ў яе ёсьць некалькі гадзін запісаў перамоваў Дзерыпаскі, які ў свой час супрацоўнічаў з Полам Манафортам — былым начальнікам штабу кампаніі Дональда Трампа.