Як мы паведамлялі, сёньня пачаўся візыт кіраўніка Беларусі ў Грузію.
Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі падчас перамоваў з грузінскім калегам Гіёргіям Маргвэлашвілі ён падкрэсьліў асаблівую дружбу паміж народамі Беларусі і Грузіі і добрыя пачуцьці, якія засталіся яшчэ з савецкіх часоў.
«Я сапраўды сюды ежджу як дадому. Хоць і другі раз. Але я адчуваю, што тут блізкія нам людзі, — сказаў Лукашэнка. — Шчыра скажу, што ў нейкія паездкі едзеш і ведаеш, што гэта цяжкая праца. У Грузію я разумею, што еду працаваць, але з вялікім хваляваньнем заўсёды і ў чаканьні, што тут вельмі добрыя, лагодныя, прыстойныя людзі ».
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі няма закрытых тэмаў у супрацоўніцтве з Грузіяй. «Усе, на што мы здольныя, усё, што Грузія бачыць у нас і хоча, каб разьвівалася тут, мы заўсёды ідзем насустрач», — адзначыў беларускі кіраўнік. На яго думку, таваразварот паміж краінамі сёлета можа перавысіць 200 млн долараў.
Маргвэлашвілі таксама выказаўся за разьвіцьцё адносінаў паміж Беларусьсю і Грузіяй. «Гэты візыт адзначаны тым, што мы будзем падпісваць дамову, які будзе вызначаць адносіны паміж Беларусьсю і Грузіяй на многія дзесяцігодзьдзі. Дзякуй вам асабіста за сяброўства і добрае стаўленьне» — сказаў ён, зьвяртаючыся да госьця.
Грузінскі лідэр падкрэсьліў, што адносіны Беларусі і Грузіі для многіх у сьвеце могуць быць прыкладам.
Варта нагадаць, што з Расеяй Грузія ня мае нават дыпляматычных адносінаў, яны былі разарваныя ў 2008 годзе, неўзабаве пасьля завяршэньня расейска-грузінскай вайны.