Акторка трэці месяц дамагаецца крымінальнай справы на міліцыянта за зьбіцьцё на Новы год

Аўтазакі, ілюстрацыйнае фота

Акторка Сьвятлана Сакалоўская накіравала ў пракуратуру Заводзкага раёну Менску скаргу на сьледчага, які трэці месяц вядзе праверку інцыдэнту зь яе ўдзелам.

Яна патрабуе завесьці крымінальную справу супроць амапаўца, які ўдарыў яе па галаве на навагодняй ёлцы.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 1 студзеня каля «Чыжоўка-Арэны». Амапаўцы затрымалі сяброўку Сьвятланы Сакалоўскай (яна просіць называць яе сцэнічным псэўданімам), якая зрабіла ім заўвагу. Калі міліцэйскі аўтобус ад’яжджаў зь месца падзей, за ім пайшла Сьвятлана Сакалоўская. Яна спрабавала высьветліць далейшы лёс сяброўкі і прычыну яе затрыманьня. Але дзяўчыне спачатку паранілі руку дзьвярмі аўтобуса, а потым ударылі ззаду па галаве дубінкай, ад чаго яна страціла прытомнасьць. Яе завезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі. Сьвятлана Сакалоўская мяркуе, што яе ўдарыў амапавец. Акторка зьняла пабоі і напісала заяву ў міліцыю з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці супрацоўніка, які нанёс ёй цялеснае пашкоджаньне. Але праверка інцыдэнту цягнецца ўжо амаль 3 месяцы.

«Уявіць не магла, што ў навагоднюю ноч буду зьбіта АМАПам. Хачу, каб амапаўцы, якія зьбіваюць людзей проста так, увогуле не працавалі ў сілавых структурах», — сказала Сьвятлана Сакалоўская праваабаронцам зь «Вясны».

За час праверкі заявы Сьвятланы Сакалоўскай у Заводзкай раённай управе Сьледчага камітэту тройчы зьмяніліся супрацоўнікі, якія вялі праверку інцыдэнту. Сьвятлана Сакалоўская таксама распавяла праваабаронцам, што 15 сакавіка яе прыцягвалі да ўдзелу ў праверцы, дакумэнтавалі яе дзеяньні, у тым ліку на відэа, ды патрабавалі даць падпіску аб неразгалошваньні.

«Такія дзеяньні незаконныя, бо сьледчыя органы могуць узяць падпіску з папярэджаньнем аб крымінальнай адказнасьці толькі аб неразгалошваньні дадзеных папярэдняга сьледзтва і дазнаньня», — кажуць праваабаронцы «Вясны».

Адказу на чарговую скаргу ў пракуратуру Сьвятлана Сакалоўская яшчэ не атрымала.

7 выпадкаў зьбіцьця грамадзянаў міліцыянтамі