Шэраг зборных байкатуюць фінал біятлённага сэзону ў Цюмені, беларусы прыехалі асноўным складам

Алімпійскі забег у Пхёнчхане

22–25 сакавіка расейская Цюмень будзе прымаць фінальны этап Кубку сьвету па біятлёне. Спаборніцтвы з палітычных прычынаў байкатуюць шэраг нацыянальных зборных і некаторыя спартоўцы.

Нягледзячы на тое, што чакаецца разьвязка ў барацьбе за перамогу ў агульным заліку, у Расею адмовіліся прыехаць зборныя ЗША, Канады, Чэхіі, Украіны, а таксама некаторыя спартоўцы — напрыклад, прызэр Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане швэд Сэбаст’ян Самуэльсан.

Мужчынская і жаночая каманды Беларусі прыляцелі ў Цюмень у поўным складзе і возьмуць удзел ва ўсіх заяўленых дысцыплінах.

Міністар моладзі і спорту Ўкраіны Ігар Жданаў раней патлумачыў, што рашэньне аб байкоце расейскага этапу прынятае сумесна з украінскай Фэдэрацыяй біятлёну.

«Гаворка пра краіну-агрэсара, краіну, якая сыстэматычна пагарджае міжнародным заканадаўствам, у тым ліку ў сфэры спорту, не выконвае антыдопінгавыя правілы. Таму было прынята сумеснае рашэньне: зборная Ўкраіны ня будзе ўдзельнічаць у дзявятым этапе Кубка сьвету ў Цюмені», — напісаў Ігар Жданаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Пасьля дакладу канадзкага спэцыяліста Рычарда Макларэна пра допінгавыя махінацыі падчас зімовай Алімпіяды-2014 у Сочы Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў нацыянальныя фэдэрацыі па відах спорту адмовіцца ад спаборніцтваў у Расеі.

З гэтай прычыны Цюмень не змагла прыняць заплянаваны этап Кубка сьвету год таму, а таксама была пазбаўлена права правядзеньня чэмпіянату сьвету 2021 году.

Сёлета для Цюмені зроблена выключэньне.