Заснавальнік сацыяльнай сеткі Facebook Марк Цукербэрг заявіў, што кампанія прааналізуе ўсе праграмы, якія маюць доступ да значнай колькасьці інфармацыі карыстальнікаў, а таксама правядзе поўную праверку любой праграмы з падазронай актыўнасьцю.
«Я запусьціў Facebook, і ў рэшце рэшт я адказваю за тое, што адбываецца на нашай плятформе. Я сур’ёзна стаўлюся да таго, што трэба для абароны нашай супольнасьці. Хоць гэтая канкрэтная праблема, зьвязаная з Cambridge Analytica, больш не павінна паўтарыцца з новымі праграмамі... Мы будзем вучыцца на гэтым вопыце, каб засьцерагчы нашу плятформу яшчэ больш», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.
Цукербэрг паабяцаў, што кампанія будзе ствараць лепшы сэрвіс у доўгатэрміновай пэрспэктыве.
«На мінулым тыдні мы даведаліся ад The Guardian, The New York Times і Channel 4, што кампанія Cambridge Analtica, магчыма, ня выдаліла дадзеныя, паколькі яны былі сэртыфікаваныя. Мы адразу забаранілі ім карыстацца любымі з нашых сэрвісаў. Cambridge Analtica сьцьвярджае, што яны ўжо выдалілі дадзеныя і пагадзіліся на праверку фірмай, якую мы нанялі, каб пацьвердзіць гэта. Мы таксама супрацоўнічаем са сьледчымі, якія расьсьледуюць, што адбылося», — напісаў Цукербэрг.
Ён адзначыў, што гэты скандал быў парушэньнем даверу паміж кампаніяй Cambridge Analtica, дасьледчыкам Аляксандрам Коганам і Facebook, а таксама паміж сацсеткай і карыстальнікамі.
У Вялікай Брытаніі працягваецца расьсьледаваньне справы Cambridge Analytica. Кампанію абвінавачваюць у тым, што яна выкарыстоўвала дадзеныя больш чым 50 мільёнаў карыстальнікаў Facebook бязь іх згоды для вывучэньня выбарнікаў у інтарэсах кампаніі Дональда Трампа і рассыланьні для карыстальнікаў палітычнай рэклямы з мэтай уплыву на іх перадвыбарчыя настроі.
З-за абвінавачваньняў кошт акцыяў кампаніі Facebook 19 сакавіка зьнізіўся на 7%, што ў цэлым можа раўняцца 30 мільярдам даляраў.