Незалежны прафсаюз РЭП пачаў судзіцца зь мясцовымі ўладамі за забарону пікетаў

Першае судовае пасяджэньне пройдзе ў судзе Маскоўскага раёну

Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) зьвярнуўся ў суды пасьля таго, як стала вядома, што ніводзін з 17 заяўленых пікетаў у 15 гарадах Беларусі з нагоды Дня Канстытуцыі ня можа адбыцца — адмаўляюць мясцовыя ўлады.

Першае судовае пасяджэньне пройдзе ў Маскоўскім раёне Менску. Пра гэта Свабодзе сказаў 21 сакавіка старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч.

«Палата прадстаўнікоў на вясновай сэсіі будзе разглядаць зьмены да Закону аб масавых мерапрыемствах. Я ведаю, што праваабаронцы зь „Вясны“ і БХК ужо падалі свае прапановы. Але трэба паслухаць і нас, практыкаў. І таму судовыя рашэньні можна будзе скарыстаць для паляпшэньня заканадаўства», — кажа Фядыніч.

У прафсаюзных актывістаў прапановы больш радыкальныя. Паводле старшыні РЭП, яны хочуць выйсьці за межы зьмяненьняў і дапаўненьняў.

«Мы маем амаль гатовы альтэрнатыўны праект з улікам эўрапейскага досьведу. Каб правесьці пікет, дастаткова толькі заявіць пра яго. Чаму нас заганяюць на Бангалор? Я прапаную, напрыклад, правесьці мерапрыемства насупраць Міністэрства эканомікі. Там жа такі ладны кавалак зямлі», — сказаў лідэр РЭП.

Міжнародныя прафсаюзы накіроўваюць дэлегацыі ў Менск

Генадзь Фядыніч

18 красавіка ў Менск прыяжджаюць прадстаўнікі Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і сталыя партнэры РЭП па міжнародным аб’яднаньні прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету (IndustriALL).

«На жаль, яны ня змогуць затрымацца ў нас больш як на два дні. Яны зьбіраліся прыехаць 15 красавіка, але ж з нагоды Радуніцы атрымліваюцца „даўгія выходныя“. Нягледзячы на гэта, я ўпэўнены, што эфэкт ад візыту абавязкова будзе», — кажа Фядыніч.

З гісторыі «справы прафсаюзу РЭП»

Кіраўніка прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгальтара Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году, на іх завялі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У той жа дзень пасьля ператрусаў у офісах РЭП Фядыніча вызвалілі, а Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленьнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго, як і ў Фядыніча, узялі падпіску аб нявыезьдзе, а справу працягнулі яшчэ на 3 месяцы.

Апошні раз справу працягнулі да 1 траўня 2018 году.