Адзін з заснавальнікаў «Крумкачоў» Уладзіслаў Маяроўскі ў інтэрвію Свабодзе расказаў пра пэрспэктывы футбольнага клюбу, які канчаткова страціў месца ў Найвышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі.
Арбітраж Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ) 19 сакавіка адхіліў заяву футбольнага клюбу «Крумкачы» наконт ранейшага рашэньня камітэту клюбнага ліцэнзаваньня.
На паседжаньні 26 лютага менскай камандзе адмовілі ў ліцэнзіі праз «сыстэматычныя парушэньні» патрабаваньняў рэглямэнту фэдэрацыі — парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў і зрыў працэсу ліцэнзаваньня. У звароце да заўзятараў «Крумкачы» адзначылі, што пакараныя нават не зь фінансавых прычын ці адсутнасьці дакумэнтаў — «прысудзілі да найвышэйшай меры за парушэньне тэрмінаў іх падачы». Тым часам калектыў гатовы да чэмпіянату-2018 як кадрава, так і фінансава.
Апэляцыю адхілілі 6 сакавіка. Кіраўніцтва клюбу падало заяву на арбітражны разбор, рашэньне якога канчатковае. 19 сакавіка арбітраж прызнаў прэтэнзіі «Крумкачоў» беспадстаўнымі. Такім чынам, каманда страціла месца ў эліце і ў лепшым выпадку можа заявіцца ў другую лігу ўнутранага чэмпіянату.
Пра магчымае разьвіцьцё падзеяў Радыё Свабода пагутарыла з Уладзіславам Маяроўскім — разам зь Дзянісам Шунто ён быў адным з натхняльнікаў і заснавальнікаў «Крумкачоў». Праект стаў яскравай зьявай усяго беларускага спорту і вымушаны адыход у нябыт выклікаў нэгатыўныя эмоцыі ў значнай часткі адмыслоўцаў і аматараў футболу.
«Мы былі абсалютна непадрыхтаваныя да таго, што нас не пачуюць»
— Уладзіслаў, апошнія захады з боку структурных падразьдзяленьняў Беларускай фэдэрацыі футболу не пакідалі «Крумкачам» ніякіх шанцаў. Мэтанакіраваная акцыя на дыскваліфікацыю?
— Не магу сьцьвярджаць, што была нейкая сплянаваная кампанія, але нас сапраўды не пачулі. Мы прыйшлі з рэальнымі аргумэнтамі, каб даказаць арбітражнаму камітэту сваю жыцьцяздольнасьць. Не адмаўляючы факту працэдурных парушэньняў, казалі, што мера пакараньня, якую супраць нас ужылі, празьмерная і не адпавядае цяжкасьці ўчынку. Паказалі 10 эпізодаў, у якіх камітэт ліцэнзаваньня, на наш погляд, сам парушыў рэглямэнт. Мы не патрабавалі даць нам ліцэнзію, а прасілі на агульных падставах прыняць дакумэнты. З тым, каб арбітражны суд даў указаньне разгледзець наш пакет, і цягам нейкага тэрміну ліцэнзійны камітэт вырашыў бы, адпавядаем мы патрабаваньням ці не, усе крытэрыі выкананыя ці не. Мы дабіваліся толькі гэтага. На жаль, усе нашы аргумэнты праігнаравалі.
— Кіраўнік арбітражнага камітэту Яўген Шунтаў абгрунтаваў адмову тым, што прадстаўнікі «Крумкачоў» прыйшлі на паседжаньне нібыта абсалютна непадрыхтаванымі...
— У гэтым сэнсе ён мае рацыю — мы абсалютна не падрыхтаваліся да таго, што нас не пачуюць. Вось да гэтага дакладна не былі гатовыя. Нашы довады практычна не разглядаліся, адразу было сказана, што яны нязначныя, а калі нейкія парушэньні з боку ліцэнзійнага камітэту і былі, то непрынцыповыя. Пасьля чаго пачалі абмяркоўваць, гатовыя мы сёньня ці не гатовыя гуляць у найвышэйшай лізе. Хоць насамрэч пытаньне з нашага боку стаяла зусім інакш.
— За ўсю гісторыю існаваньня сувэрэннага футболу ў Беларусі гэта, мабыць, першы прыклад, калі каманду адхіляюць літаральна перад стартам сэзону.
— Не зусім перад стартам, бо шлягбаўм перад намі пачалі апускаць значна раней. Тым ня меней, калі гаварыць пра беспрэцэдэнтнасьць, то так. Здараліся гісторыі, калі клюбы паміралі і зьнікалі з футбольнай мапы нашай краіны, аднак гэта першы выпадак, калі тое адбылося не па волі каманды, калі кіраўніцтва клюбу заклікала пайсьці насустрач у справе допуску да працэдуры ліцэнзаваньня. Мы ня клянчылі, каб нам выдалі ліцэнзію, а проста прасілі роўных умоваў. Так, з суб’ектыўных прычынаў ня здолелі падаць усе дакумэнты своечасова. Але ж гэта ня той выпадак, каб выносіць сьмяротны прысуд.
— Як ставіцеся да кансьпіралягічных вэрсій, што прынясеньнем у ахвяру «Крумкачоў» расчышчалася дарога для менскага «Тарпэда»? Аўтазаводцы занялі трэцяе месца ў першай лізе і не дацягнулі да падвышэньня ў рангу. У той жа час яны ня маюць праблемаў зь фінансаваньнем, у іх інвэстуе расейскі бізнэсовец Міхаіл Міраненкаў.
— Нешта сьцьвярджаць складана, бо нават калі дапусьціць ляяльнасьць да «Тарпэда» з боку некаторых супрацоўнікаў фэдэрацыі, ня думаю, што яна сягае аж да самага верху. Усё ж трэба быць самакрытычнымі і прызнаць, што корань праблемаў у нас саміх, у тым, што мы ня здолелі своечасова падрыхтаваць пакет дакумэнтаў, а чыноўнікі ад футболу не захацелі пайсьці нам насустрач. Усё астатняе — гэта нюансы.
— Прэтэнзіі з боку фэдэрацыі ўзьнікаюць і да іншых камандаў, але за гэтымі камандамі, як правіла, стаяць прадпрыемствы, гарадзкія і раённыя адміністрацыі. У выніку даводзіцца ісьці на саступкі, караць штрафам ці адмоўнымі ачкамі. У гэтым выпадку клюб прыватны, тылоў ня мае — значыць, прасьцей разабрацца?
— Так, былі сэзоны, калі асобныя клюбы таксама цяжка ўваходзілі ў працэс ліцэнзаваньня, літаральна за некалькі дзён да пачатку чэмпіянату атрымлівалі адпаведны дазвол. Але практычна заўсёды такім калектывам ішлі на сур’ёзныя саступкі. Чаму гэтага не адбылося ў нашым выпадку, тым больш калі справа тычылася простай фармальнасьці (мы проста прасілі, каб разгледзелі нашы дакумэнты), — пытаньне выключна да кіраўніцтва фэдэрацыі. На іх погляд, згодна з рэглямэнтам, яны такое права маюць. Нягледзячы на парушэньні, дапушчаныя самім камітэтам ліцэнзаваньня.
«Канчатковае рашэньне, ці стартаваць у другой лізе, будзе за Шунто»
— Лягічнае пытаньне: што далей? Усе інстанцыі пройдзеныя, больш абскарджваць рашэньне фэдэрацыі няма дзе...
— Шчыра кажучы, пасьля паседжаньня арбітражнага камітэту пакуль зь Дзянісам нічога не абмяркоўвалі, ня той настрой. Мабыць, нешта будзем вырашаць найбліжэйшымі днямі...
— Яшчэ летась, калі ўзьніклі фінансавыя праблемы, Дзяніс Шунто казаў, што дачаснае разьвітаньне з найвышэйшай лігай будзе азначаць сьмерць «Крумкачоў» як зьявы. І ўсё ж ці рэальна вярнуцца на старыя пазыцыі, пачаць новае ўзыходжаньне з другой лігі?
— Пачынальнікам усяго гэтага футбольнага буму вакол «Крумкачоў» быў Дзяніс Шунто. Я ягоны сябар, дапамагаў у меру сіл і магчымасьцяў. Таму канчатковае рашэньне ўсё ж будзе за ім. Так, чалавечая натура эмацыйная: калісьці падумаў, што ўсё, канец. А ў нейкі момант можа здацца, што ня так і трагічна. Калі ён вырашыць працягнуць сваё жыцьцё ў футболе, не сумняваюся, што гэта знойдзе разуменьне і падтрымку ў многіх людзей, у тым ліку ў мяне. У гэтым праекце ён быў вядоўца, астатнія ішлі за ім. Ягоны голас будзе вырашальным.
— Незадоўга да паседжаньня камітэту ліцэнзаваньня спартовай публіцы быў прадстаўлены патэнцыйны інвэстар «Крумкачоў» — армянскі бізнэсовец Ваге Мартырасьян. Ён пачаў разьлічвацца па даўгах, арганізаваў перадсэзонны збор, заявіў пра гатоўнасьць укласьці больш за паўмільёна даляраў. Ці можа яго зацікавіць другая ліга?
— Ды не, тут ніякіх ілюзій няма. Ваге Мартырасьян адразу сказаў, што яму цікавая толькі найвышэйшая ліга, ніякая іншая. Адпаведна, тое, што ў сувязі з вынікамі, агучанымі фэдэрацыяй футболу, ён нас пакіне, гэта відавочна.
«Тое, што нашых заўзятараў адштурхнулі ад футболу, выклікае ня толькі жаль»
— У свой час каманда стваралася пад яскравым беларускім брэндам — адрозна ад абязьлічанай прыналежнасьці да сілавых і прафсаюзных таварыстваў і заводзкіх абрэвіятураў. Маркетынгавая, інфармацыйная палітыка на роднай мове, мясцовыя гурты на разагрэве перад матчамі. Са зьнікненьнем «Крумкачоў» страчваецца і нацыянальная адметнасьць чэмпіянату...
— Ведаеце, я вельмі люблю і шаную наш брэнд, мне ён падабаецца з усіх пазыцый. Але ў гэтым сэнсе самай вялікае расчараваньне, безумоўна, спасьцігла нашых заўзятараў, людзей, многія зь якіх палюбілі футбол дзякуючы нам. Калі выбіраліся з офісу на паседжаньне арбітражу, у ліфт падсеў малады чалавек. Пазнаў, павітаўся, пацікавіўся справамі. Пашкадаваў, што так усё завяршаецца, бо ён зь сябрамі пачаў цікавіцца футбольным чэмпіянатам Беларусі адначасова са зьяўленьнем «Крумкачоў» — наведвалі ўсе нашы матчы. А цяпер проста ў роспачы. Гэта не адзінкавы выпадак, такіх прыкладаў дастаткова. Мы ганарымся, што ў нас надзвычай адданыя, інтэлігентныя, справядлівыя заўзятары. І тое, што іх такім чынам адштурхнулі ад футболу, выклікае ня толькі жаль, але і разуменьне: нешта зроблена няправільна.
— Плюс тое непасрэдна тычыцца саміх гульцоў, трэнэраў, іх сем’яў. Ад функцыянаваньня каманды залежаць дзясяткі людзей...
— Так, натуральна. Пацярпелі футбалісты, якія рыхтаваліся гуляць у «Крумкачах» у новым сэзоне, а цяпер вымушаныя шукаць альтэрнатыву. Да апошняга спадзяваўся на разьвязаньне сытуацыі галоўны трэнэр Аляксей Кучук. Не сумняюся, што ён будзе займацца тым, што любіць і ўмее рабіць, бо зусім малады, пэрспэктыўны, разумны спэцыяліст. Ведаю, што цягам апошняга часу яму паступалі прапановы працаўладкаваньня, ён усе адкідаў, да апошняга хацеў быць з клюбам. Ну што зробіш? На жаль, скончылася менавіта такім чынам. Але тое, што Аляксей бяз працы не застанецца, — нават не сумняюся...
Чатыры гады «Крумкачоў» у дзень фактычнай ліквідацыі
Менскія аматары футболу заснавалі футбольны клюб «Крумкачы» 20 сакавіка 2014 году. Каманда пасьлядоўна прайшлі ўсе прыступкі — аматарскую другую лігу, напаўпрафэсійную першую, а ў 2016-м ужо праводзілі дэбютны сэзон у кампаніі наймацнейшых удзельнікаў чэмпіянату Беларусі.
Аднак неўзабаве паўсталі фінансавыя праблемы: «Крумкачы» аказаліся адзінымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. За імі не было ні гарадзкіх адміністрацый, ні буйных прадпрыемстваў. Дапамогі тытульных спонсараў не хапала.
Сэзон-2017 зноў пачаўся з абмеркаваньня фінансавага становішча. Пазычаныя ў БАТЭ 150 тысяч даляраў трэба было вяртаць, але зрабіць гэта ў агавораны тэрмін не ўдалося. Эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы ў загадным парадку. Пачалі набірацца даўгі па заробках гульцам і трэнэрам. Летась увосень праз краўдфандынг удалося сабраць блізу 30 тысяч рублёў — чвэрць ад сумы, патрэбнай, каб скончыць першынства.
На пачатку гэтага году паведамлялася, што клюб не ўратуе ўжо нішто. І ў гэты момант знайшоўся армянскі інвэстар, які пагадзіўся ўкласьці амаль 600 тысяч даляраў, а таксама вырашыць праблему з даўгамі — пры ўмове, што каманда будзе гуляць у найвышэйшай лізе.
Аднак Беларуская фэдэрацыя футболу адмовіла «Крумкачам» у ліцэнзаваньні, усе апэляцыі засталіся незадаволеныя. Цяпер заснавальнікам давядзецца вырашаць дылему — або самаліквідавацца, або заявіцца ў другую лігу і пачаць з чыстага аркуша.
«На вялікі жаль, апошняя параза ў кабінэтах. Гэта былі цудоўныя чатыры гады. Дзякуй вам за падтрымку!», — такі разьвітальны допіс зьявіўся на афіцыйным сайце «Крумкачоў» пасьля таго, як футбольны арбітраж адмовіў клюбу ў магчымасьці выступаць у Найвышэйшай лізе ў сэзоне 2018 году.