Uber спыняе выпрабаваньні бесьпілётных аўтамабіляў пасьля сьмяротнага ДТЗ

Ілюстрацыйнае фота. Таксі Uber

Кампанія Uber заяўляе аб прыпыненьні выпрабаваньняў бесьпілётных машын пасьля таго, як адбылося сьмяротнае дарожна-транспартнае здарэньне з удзелам такога аўтамабіля.

Аўтамабіль Uber быў у аўтаномным рэжыме, але ў машыне быў апэратар, калі аўто ажыцьцявіла наезд на жанчыну ў горадзе Тэмпе, штат Арызона, 18 сакавіка, паведамляе Bloomberg.

Паліцыя паведаміла, што 49-гадовая жанчына пераходзіла дарогу па-за пешаходным пераходам, калі адбыўся наезд. Яна памерла ў мясцовай бальніцы.

Генэральны дырэктар Uber Дара Хосуршахі выказаў спачуваньні ў Twitter і паведаміў, што кампанія, якая базуецца ў Сан-Францыска, супрацоўнічае зь мясцовымі праваахоўнымі органамі ў межах расьследаваньня здарэньня.

Кампаніі, уключаючы Ford і General Motors, у значнай меры інвэстуюць у дасьледаваньні, накіраваныя на распрацоўку бесьпілётных аўтамабіляў, пры ўдзеле якіх і раней адбываліся аварыі.