Тэлеканал АНТ у эфіры 19 сакавіка паказаў ток-шоў «БНР. Спроба № 1», прысьвечанае стагодзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.
У перадачы бралі ўдзел гісторык Алег Трусаў, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, дырэктар Інстытуту гісторыі Вячаслаў Даніловіч, палітык Алег Гайдукевіч, палітолягі Аляксей Дзермант і Пётра Пятроўскі.
Вядоўца Дзьмітры Бачкоў на пачатку перадачы падзяліў удзельнікаў спрэчак пра БНР на тры лягеры: першыя сьцьвярджаюць, што трэба шырока сьвяткаваць стагодзьдзе БНР, другія лічаць пунктам адліку дзяржаўнасьці не БНР, а БССР, а трэція не разумеюць, чаму «пэўныя палітычныя сілы» прыватызуюць гісторыю БНР.
Ігар Марзалюк і Алег Гайдукевіч заявілі падчас перадачы, што належаць менавіта да трэцяй групы.
«Дзяржава прапанавала адсьвяткаваць 100 год БНР»
Намесьнік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч сьцьвярджаў, што 25 сакавіка ніколі ня стане днём, які аб’яднае нацыю, бо апазыцыйныя дзеячы «прыватызавалі» гісторыю БНР і асацыююць Дзень Волі з пратэстам.
«20 гадоў пэўныя дзеячы нас вучылі, што гэта дзень пратэсту... 25 сакавіка ніколі ня стане датай, якая аб’яднае нацыю. Менавіта таму на рэфэрэндуме 1996 году абралі Днём Незалежнасьці 3 ліпеня. Ня знойдзецца чалавека, які скажа, што 3 ліпеня — ня Дзень Незалежнасьці Беларусі. Вы 24 гады хадзілі і пратэставалі. Гэта ўлада ў гэтым годзе прапанавала зладзіць 25 сакавіка мітынг і канцэрт», – казаў Гайдукевіч.
Інфармацыя пра ідэю адзначыць Дзень Волі сьвяточным канцэртам зьявілася 31 студзеня. Аргкамітэт сьвяткаваньня 100 год БНР быў падзелены на дзьве часткі: прыхільнікі Паўла Белавуса выступалі за сьвяточны канцэрт, прыхільнікі Мікалая Статкевіча — за традыцыйнае шэсьце.
26 лютага Менгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў арганізатарам сьвяткаваньня зьмяніць яго фармат: замест шэсьця праз цэнтар гораду правесьці мітынг і сьвяточны канцэрт у Купалаўскім парку або каля Опэрнага тэатру.
У выніку 28 лютага сябры аргкамітэту падалі заяўку на правядзеньне канцэрту каля Опэрнага тэатру, якую Менгарвыканкам ухваліў 2 сакавіка. Заяўку на правядзеньне шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да Опэрнага тэатру Менгарвыканкам адхіліў.
«БНР — гэта не нямецкі праект»
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што БНР — гэта беларускі палітычны праект, які ня стаў дзяржавай.
«Гэта не нямецкі праект. Гэта праект тых, хто быў абураны разгонам Усебеларускага зьезду. Украінцы ўвялі свае войскі і вялі гвалтоўную ўкраінізацыю. Украіна не прызнала БНР», — заявіў Марзалюк.
Паводле Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, урад Украіны прызнаў БНР. У чэрвені 1918 году дэлегацыя БНР на чале з Раманам Скірмунтам наведала Кіеў. Консульствы БНР былі адкрытыя ў Кіеве і Адэсе.
«Без БНР не было б БССР і сучаснай Беларусі»
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сьцьвярджаў, што БНР адрозьніваецца ад БССР спосабам свайго ўтварэньня.
«Беларуская Народная Рэспубліка была створана па волі беларускага народу праз удзел дэлегатаў з тэрыторый, дзе пражывалі беларусы. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка была створана па ўказцы Крамля», — сказаў Кастусёў.
Абедзьве дзяржавы, на думку Кастусёва, — часткі гісторыі, аднак без БНР гісторыя БССР і сучаснай Беларусі была б немагчымая.
«БНР не была дзяржавай»
Гісторыю БНР неабходна разглядаць у кантэксьце беларускай дзяржаўнасьці, казаў дырэктар Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч.
«Мы разглядаем дзяржаўнасьць як унутраны патэнцыял народу, які назапашваецца тысячагодзьдзямі», — сказаў Даніловіч.
Хоць рэальнай дзяржавай БНР ня стала, аднак упершыню быў рэалізаваны патэнцыял дзяржаўнасьці беларускага народу, лічыць гісторык.
Савецкая дзяржаўнасьць утварылася на гэтым жа падмурку, кіраўніцтва бальшавікоў Расеі — Ленін, Сталін і Троцкі — ня мела да гэтага дачыненьня, сказаў Даніловіч.