«Дыктатары натхняюцца адзін адным». Менскі і маскоўскі палітолягі пра выбары ў Расеі

Прадказальныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі і тое, якім чынам яны пераклікаюцца з аналягічнымі кампаніямі ў Беларусі, Свабодзе камэнтуюць палітолягі з Масквы і Менску.

Цэнтральная выбарчая камісія Расейскай Фэдэрацыі падлічыла амаль 100% пратаколаў, упэўненую перамогу атрымаў дзейны прэзыдэнт — ён набраў больш за 76% галасоў выбарнікаў.

Такім чынам, палітычныя дэкарацыі не зьмяніліся і наступныя 6 гадоў краінай будзе кіраваць Уладзімір Пуцін, для якога пачаўся адлік чацьвёртага прэзыдэнцкага тэрміну. Ці азначае гэта, што ў палітычным антуражы Крамля нічога прынцыпова не зьмянілася?

Арэшкін: ад простага хлопца да «небожителя»

Дзьмітрый Арэшкін

Маскоўскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін лічыць, што апошняя расейская кампанія выразна агаліла сутнасьць «закасьнелага» пуцінскага рэжыму: упэўнены рух у бок аўтакратыі, манапалізацыі ўлады, ушчамленьня грамадзянскіх правоў і ігнараваньня ўнутраных законаў.

Паводле яго, фактычна прасоўваецца сцэнар, у свой час рэалізаваны іншым «вэтэранам» — Аляксандрам Лукашэнкам: той ужо ня лічыць неабходным перад некім даваць справаздачу ўвогуле. Таму ўсе значныя палітычныя падзеі ў Расеі і Беларусі адбываюцца як пад капірку — з «карусэлямі», укідваньнем бюлетэняў, перашкодай працы назіральнікаў.

«Пуцін, калі абжываўся ва ўладзе, меў выгляд простага хлопца, спартоўца ў таннай майцы, чалавека, зь якім можна проста сустрэцца на вуліцы, — кажа аналітык. — Прынамсі стараўся падтрымліваць такі імідж. Цяпер наадварот, сёньня ён „небожитель“. Выбарнае шоў, зразумела, арганізаваў ня сам Пуцін, усю сыстэму вылучэньня рыхтавалі падначаленыя. Але гэта рабілася так, як яму хочацца — чэлядзь тым і зручная, што прачытвае жаданьні начальства. Гэта значыць прымушаць усіх чакаць, нэрвавацца, локці кусаць, пальцы заломваць; есьці людзі не маглі, ня спалі, гадалі, пойдзе ці ня пойдзе на новы тэрмін. І тут абвяшчаюць — ідзе!.. Гэтая візантыйшчына ўперамешку з псэўдасталінскім стылем яскрава сьведчыць пра тое, куды рушыць эвалюцыя Расеі».

Ілюстрацыйнае фота. Партрэт Пуціна на мітынгу пасьля завяршэньня выбараў

Дзьмітрый Арэшкін мяркуе, што Пуціну падабаецца такая «манаршая грунтоўнасьць і вялікасьць».

«Зразумела было, што ён пераможа, як жа інакш? Зразумела было, што ён ня можа адысьці ад улады, з цэлага шэрагу прычын. Што, дарэчы, яднае іх з Лукашэнкам. Але згаданая пампэзнасьць зьявілася ўпершыню, дагэтуль такой выразнай стылістычнай рысы не назіралася», — кажа Дзьмітры Арэшкін.

Мацкевіч: місія — адрадзіць імпэрскую Расею

Уладзімер Мацкевіч

Менскі палітоляг Уладзімер Мацкевіч перакананы, што выбары і ў Расеі, і ў Беларусі даўно ператварыліся ў фарс з загадзя прадказальным фіналам. Таму і ставіцца да іх трэба адпаведна — з папраўкай на ўмовы, у якіх яны адбываюцца.

Апроч таго, ён не выключае пэўных канстытуцыйных зьменаў «ня ў лепшым кірунку». Пуцін ужо сказаў, што неабходна ўзяцца за канстытуцыйныя працэсы, днямі штосьці падобнае дэкляраваў і Лукашэнка. Іншымі словамі, палітычная «стабілізацыя» вымушае да пэўных дзеяньняў дыктатараў, якія ўсталявалі ў сваіх краінах усё, што маглі. Цяпер трэба выходзіць на новы ўзровень.

«Наогул я зьдзіўляюся наіўнасьці камэнтатараў, палітолягаў, аналітыкаў, якія на нешта спадзяюцца, — гаворыць экспэрт. — Я неаднаразова апісваў з розных бакоў такую сытуацыю як „паліттэхналёгіі трэцяга пакаленьня“. Для мяне гэта настолькі відавочна і прадказальна, што ніякіх пытаньняў не ўзьнікае. Ёсьць людзі, якія гэта таксама разумеюць і ў Расеі — як усё пабудавана і працуе. Ну нельга ў гэтым браць удзел, дык яшчэ з такім энтузіязмам, як гэта рабілі так званыя кандыдаты ў прэзыдэнты Расеі. Зрэшты, чаго зьдзіўляцца, калі ў Беларусі было тое ж самае? Дыктатары і падобныя рэжымы адзін у аднаго вучацца».

Уладзімер Мацкевіч перакананы, што расейскі прэыдэнт прыйшоў з канкрэтнай місіяй яшчэ напачатку 2000-х.

«Зь першых сваіх крокаў пачаў дэманстраваць, што хоча адрадзіць Расею як імпэрскую дзяржаву. Проста тады ня меў яшчэ патрэбнай моцы, адбіваўся так званы „бардак 1990-х“, як яны той час называюць, рэшту дэмакратыі. Вымушаны быў разганяцца павольна. А як набраў крэйсэрскую хуткасьць, усё пайшло паводле ягонага сцэнару. Але сутнасна тое, што ён рабіў у пачатку нулявых і цяпер, цалкам супадае».

Незалежныя назіральнікі на выбарчых участках у розных рэгіёнах Расеі паведамілі пра шматлікія парушэньні — арганізаваны падвоз выбарнікаў, «укід» бюлетэняў у скрыні, перашкода для працы на ўчастках. Усё гэта зафіксавалі камэры назіраньня.

Тым часам у Цэнтравыбаркаме Расеі назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі», заявіўшы, што сур’ёзных парушэньняў зафіксавана не было.

Выбары Пуціна, віншаваньне Лукашэнкі, укіды, піражкі і шавялюра Дудзя. Цікавае каротка