Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў пазбаўленьня волі, у лісьце з калёніі паведаміў аб праблемах са здароўем.
«Здароўе губляецца павольна, але незваротна», — цытуе Сянцова ягоная сястра Натальля Каплан, якая атрымала ад яго ліст Рэжысэр піша, што ў яго крышацца зубы і выпадаюць валасы. Ён знаходзіцца ў калёніі ў Ямала-Ненецкай акрузе, за Палярным колам.
Паводле ягонага адваката Дзьмітрыя Дзінзэ, Сянцоў гатовы напісаць прашэньне аб памілаваньні, калі гэта стане ўмовай ягонага вызваленьня. Пры гэтым сваёй віны ён не прызнае. Адвакат дадаў, што сам Сянцоў чакае абмену, але лічыць, што ён адбудзецца няхутка, бо расейскія спэцслужбы дакладвалі Пуціну пра яго як пра «супэртэрарыста».
Сянцоў, які жыў у Крыме і пратэставаў супраць анэксіі паўвострава Расеяй, быў асуджаны ў 2015 годзе па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэракту. Сам ён абвінавачваньні адмаўляе. Расейскі праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў яго палітвязьнем. Вызваліць Сянцова заклікаюць многія вядомыя рэжысэры з розных краін сьвету.