Упершыню ад часоў «Халоднай вайны» Фэдэральная выведная служба Нямеччыны створыць уласную структуру па супрацьдзеяньні замежным шпіёнам. Пра гэта паведамляе нямецкае выданьне Der Spiegel.
Плянуецца, што на першым этапе ў структуры будуць працаваць 50 кваліфікаваных супрацоўнікаў. Паводле дадзеных Der Spiegel, новая структура спатрэбілася таму, што вельмі актывізаваліся замежныя выведнікі, асабліва расейскія. Згадваецца таксам замах на забойства экс-афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля ў ангельскім Солсбэры з выкарыстаньнем хімічнай зброі.
Мяркуецца, што новы падрозьдзел будзе займацца супрацьстаяньнем ня толькі выведнікам з Расеі, але таксама з Ірану, Кітаю і Паўночнай Карэі. Апрача гэтага, новая нямецкая контрвыведка будзе дапамагаць сваім замежным калегам, каб пасьпяхова супрацьстаяць сучасным пагрозам.