Кніжная сэрыя Радыё Свабода папоўнілася новым выданьнем. Гэта архіўны раман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР». Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі дзеліцца гісторык Натальля Гардзіенка.
У 1998 годз, на 80-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі, Сяргей Шупа ўклаў і выдаў дзьве цагліны першага тому «Архіваў БНР». Але дакумэнты — гэта толькі дакумэнты, нават самыя гаваркія. Каб яны пачалі распавядаць, чытачу трэба прыкласьці намаганьні, «разгаварыць» іх. А як казаў расейскі клясык: «Мы ленівы і нелюбопытны».
Няёмка прызнацца, наклад таго першага тому не разышоўся да сёньня. І хоць сапраўдная клясыка не старэе, стваральнік праз 20 гадоў вырашыў наблізіць тыя дакумэнты да чытачоў, напісаўшы «архіўны раман». Аднак праўда ў тым, што на падставе «Архіваў БНР» можна напісаць не адзін «архіўны раман», але і шэраг дэтэктываў, лірычную аповесьць пра каханьне, містэрыі і нават некалькі баек.
Аўтар запрашае ў падарожжа па краіне БНР, дзе жывуць і дзеяць, змагаюцца і хаваюцца, любяць і ненавідзяць рэальныя людзі, а не абстрактныя імёны з падручнікаў і энцыкляпэдый.
Парадокс: раман архіўны, а гісторыя — жывая. Каб такое адбылося, патрэбна ня толькі ўмець «разгаварыць» дакумэнты, але і мець немалы талент апавядальніка. У «Падарожжы ў БНР» адлюстравалася і адно, і другое. Цяпер справа за чытачом.
Практыкуючая архівістка Натальля Гардзіенка
Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» адбудзецца у Менску, 20 сакавіка (аўторак) у Культурным інкубатары Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак у 19.00, і ў Горадні, 23 сакавіка (пятніца) у этнакраме «Цудоўня» (вул. Кірава, 3), пачатак у 18.30.