Алена Анісім адзначыць 100-годзьдзе БНР у Лёндане і Менску

Алена Анісім

Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 18 сакавіка вылятае ў Лёндан на запрашэньне Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.

«Я палячу ў Лёндан 18 сакавіка на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР. Там падрыхтаваная вялікая праграма. Магчыма, у Лёндане будзе Івонка Сурвіла і, зразумела, я хачу зь ёй сустрэцца», — сказала Свабодзе Алена Анісім.

Яна ўдакладніла, што запрошаная на імпрэзу ў якасьці старшыні ТБМ. Аднак спадарыня Анісім хоча скарыстацца і тым, што яна ўваходзіць у працоўную групу Палата прадстаўнікоў па сувязях з суайчыньнікамі замежжа. Яна спадзяецца, што лёнданскія сустрэчы дапамогуць ёй у абмеркаваньні праблемаў беларускай дыяспары.

23 сакавіка Алена Анісім вернецца ў Менск.

«У суботу, 24 сакавіка гарадзкая арганізацыя ТБМ ладзіць экскурсію па мясьцінах БНР у Менску. У нядзелю мы адкрываем выставу да юбілею. Плюс праводзім дыктоўку „Трэцяя Ўстаўная грамата БНР“. А пасьля дыктоўкі пойдзем на канцэрт», — расказала Алена Анісім.