Міністэрства адукацыі Беларусі 15 сакавіка зацьвердзіла навучальную праграму факультатыўных заняткаў «Украінская мова» для V-IX клясаў школаў зь беларускай і расейскай мовамі навучаньня.
На нацыянальным адукацыйным партале гаворыцца, што мэта адпаведнай праграмы — «фармаваць у навучэнцаў уменьні і навыкі нарматыўнай вуснай і пісьмовай украінскай мовы, у аснове якіх элемэнтарныя веды пра асаблівасьці ўкраінскай мовы ў параўнаньні з расейскай і беларускай», а таксама «разьвіцьцё пачуцьця любові і павагі да ўкраінскага народу, цікавасьці да яго мовы, культуры, літаратуры, звычаяў, традыцый».
Пасольства Ўкраіны ў Менску адзначае, што гэта адбылося ў кантэксьце разьвіцьця супрацоўніцтва Ўкраіны зь Беларусьсю ў сфэры адукацыі, пра што гаварылася на леташніх перамовах прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеве.
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, выкладчыкаў украінскай мовы і літаратуры ўжо рыхтуюць на філялягічным факультэце БДУ. У Менску і Гомлі цяпер дзейнічаюць курсы ўкраінскай мовы для дарослых і дзяцей, арганізаваныя ўкраінскай дыяспарай.