Цяпер у сустрэчах па інтэграцыі ў рамках праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» будуць удзельнічаць ня толькі палітыкі, але і прадстаўнікі бізнэсу, фінансавых установаў, няўрадавых і моладзевых арганізацыяў.
Да такога рашэньня прыйшлі прадстаўнікі дзяржаў-чальцоў Эўразьвязу і шасьці краін «Усходняга партнэрства»: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны на сустрэчы 13 сакавіка ў Брусэлі. Беларусь тут прадстаўляў намесьнік міністра замежных справаў Алег Краўчанка.
Удзельнікі брусэльскай сустрэчы вызначылі адмысловыя плятформы для супрацы. Гэта — эканоміка, кіраваньне, транспарт, энэргетыка, навакольнае асяродзьдзе і клімат, а таксама сацыяльныя пытаньні.
«Сёньня мы афіцыйна ствараем новую структуру для „Усходняга партнэрства“. Цяпер самае галоўнае — даць праграме новы імпульс і аднавіць нашу сумесную прыхільнасьць да рэформаў у краінах-партнэрах», — сказаў камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і добрасуседзтва ЭЗ Яганэс Ган.
Ён спадзяецца, што першыя вынікі рэфармаваньня будуць бачныя ўжо сёлета ўвосень.
Палітоляг: «Усходняе партнэрства» фактычна вяртаецца да беларускіх прапановаў
Кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман у камэнтары Свабодзе адзначыў, што перабудова «Ўсходняга пратнэрства» ёсьць канкрэтным ажыцьцяўленьнем стратэгічнай праграмы «20 канкрэтных і практыкаарыентаваных мэтаў да 2020 году». Менавіта такі дакумэнт прынялі ўдзельнікі апошняга саміту «Усходняга партнэрства» у Бруселі мінулагодняй восеньню.
«Усе бачылі, што „Усходняе партнэрства“ год за годам губляла свае, я сказаў бы, візыянэрска-палітычныя імпульсы. І патрэбна было нешта мяняць, каб не загубіць праект цалкам. Былі нават прапановы разьдзяліць шасьцёрку на дзьве групы: Грузія, Малдова, Украіна, якія ўжо маюць асацыяцыйныя пагадненьні з ЭЗ, — гэта адно. А Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь — гэта іншае. Але рэфармаваньне, якое пачалося, мабыць, зможа задаволіць усіх, альбо амаль усіх, за выключэньнем Украіны» — лічыць палітоляг.
На думку Яўгена Прэйгермана, пры рэфармаваньні праграмы «Усходняга партнэрства» Беларусь будзе адчуваць сябе ў ёй больш утульна.
«Перамены адпавядаюць канцэптуальным падыходам афіцыйнага Менску. Цяпер у праекце значна больш прагматыкі, эканомікі. То бок ідзе пераход на тыя арыентыры, якія беларускія ўлады прапаноўвалі ад самага пачатку».
З гісторыі «Усходянга партнэрства»
Праграма стваралася для паглыбленьня супрацы Эўразьвязу і шасьці краін былога СССР. Ідэя праекту была прадстаўленая тагачаснымі міністрамі замежных справаў Польшчы і Швэцыі Радаславам Сікорскім і Карлам Більдтам на Радзе ЭЗ 26 траўня 2008 году.
Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009 годзе ў Празе.