Пытаньнем будаўніцтва пад Берасьцем і ў 19 кілямэтрах ад польскай мяжы акумулятарнага заводу кампані «АйПаўэр», супраць якой выступаюць жыхары гораду, зацікавіліся польскія СМІ і Галоўная дырэкцыя аховы навакольнага асяродзьдзя суседняй краіны.
Як паведамляе «Польскае Радыё», Галоўнае ўпраўленьне аховы навакольнага асяродзьдзя Польшчы пакуль не атрымала ад беларускага боку ніякай інфармацыі пра будаўніцтва заводу, але атрымала інфармацыю ад Рэгіянальнага ўпраўленьня ў Любліне, у якое зьвярнуліся звычайныя грамадзяне, выказваючы сваю занепакоенасьць у справе будовы акумулятарнага заводу пад Берасьцем.
Беларусь падпісала транспамежную канвэнцыю аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, згодна зь якой у выпадку, калі інвэстыцыя можа мець значны ўплыў на прыроду, то беларускі бок павінен пра гэта паінфармаваць Польшчу.
Прэс-сакратарка Галоўнага ўпраўленьня аховы навакольнага асяродзьдзя Моніка Якубяк гаворыць, што згодна з канвэнцыяй Польшча мае права абмеркаваць з суседзямі, ці гэтая інвэстыцыя можа нэгатыўна ўзьдзейнічаць на Польшчу і жыхароў памежнай зоны. У сувязі з гэтым польскі бок накіраваў афіцыйнае пытаньне аб плянаванай будове заводу.
«Беларусы і так атручваюць нас»
Яцэк Данілюк, мэр польскага горада Тэрэспаль, які на польскім баку мяжы зьяўляецца бліжэйшым суседам Берасьця, чуў пра будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Беларусі, але ня бачыць ніякіх прычынаў для турботы.
Аднак на думку доктара Леха Магрела з унівэрсытэта Беластока, прычыны для хваляваньняў ёсьць, паведамляе выданьне money.pl. Прадпрыемства можа нэгатыўна паўплываць на навакольнае асяродзьдзе. Усё залежыць ад аб’ёму вытворчасьці і таго, якую тэхналёгію будуць выкарыстоўваць і як будуць утылізаваць адходы. Магрел тлумачыць, што выпарэньні, якія зьмяшчаюць кіслоты і цяжкія мэталы, могуць быць небясьпечныя для здароўя. Асаблівую пагрозу для палякаў уяўляюць сьцёкі.
«Беларусы і так атручваюць нас, таму што завод па ачыстцы сьцёкаў у Берасьці не працуе вельмі эфэктыўна, і брудная вада цячэ ў Буг. Калі да гэтага дойдуць сьцёкі з завода, гэта, безумоўна, будзе дрэнна для нас», — кажа навуковец.
Суд, пратэсты, дзясяткі тысяч подпісаў і штрафы на 100 базавых
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем пачала ў канцы 2017 году кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежднаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
Праект заводу прадугледжвае вытворчасьць сьвінцу і яго сплаваў магутнасьцю больш за 13 тысяч тон на год, элемэнты хімічнай вытворчасьці з выкарыстаньнем сьвінцу, яго сплаваў і сернай кіслаты, а таксама зборачныя апэрацыі, у тым ліку паяньне расплаўленым сьвінцом.
З пачатку студзеня 2018 году жыхары абласнога цэнтру рэгулярна выходзяць на галоўную плошчу гораду, пратэстуючы такім чынам супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Your browser doesn’t support HTML5
Пасьля сходаў з удзелам чыноўнікаў і жыхароў блізкіх да будаўніцтва вёсак Берасьцейскі гарвыканкам не падтрымаў ідэі правесьці сустрэчу наконт будаўніцтва з жыхарамі гораду. На калектыўны зварот супраць акумулятарнага заводу ў Берасьцейскім аблвыканкаме заявілі, што ня бачаць падставаў для прыпыненьня будоўлі.
22 лютага жыхары Берасьця і раёну накіравалі ў адміністрацыю Лукашэнкі амаль 37 тысяч подпісаў супраць будоўлі прадпрыемства (яшчэ 8 тысяч подпісаў супраць заводу сабрана на Change.org, каля тысячы — на Petitions.by).
23 лютага блогераў Кабанава і Пятрухіна затрымалі, пасадзілі на выходныя за краты, а 28 лютага прысудзілі кожнаму па 50 базавых велічыняў штрафу (1225 рублёў) за нібыта заклікі да несанкцыянаванай акцыі. Пазьней, 12 сакавіка Кабанаў і Пятрухін былі аштрафаваныя судом Пінскага раёну на 980 рублёў (40 базавых велічыняў) кожны за трансьляцыю ад акумулятарнага заводу — суд палічыў відэатрансьляцыі блогераў у YouTube і Фэйсбук матэрыяламі СМІ.
У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 27 лютага пачаўся разгляд пазову супраць ТАА «АйПаўэр», якое будуе завод. Заяўнікі пазову — група грамадзянаў і грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» — кажуць, што працэдура грамадзкага абмеркаваньня праекту будаўніцтва была парушаная.