Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што народны дэпутат Украіны, Герой Украіны Надзея Саўчанка рыхтавала тэрарыстычны акт у сэсійнай зале Вярхоўнай Рады.
«У сьледзтва ёсьць неабвержныя доказы таго, што Надзея Саўчанка асабіста плянавала, прыцягвала, давала ўказаньні, як правесьці тэрарыстычны акт у сьценах парлямэнту, зьнішчыўшы баявымі гранатамі дзьве ложы, а мінамётамі абрынуць купал Вярхоўнай Рады і аўтаматамі дабіваць тых, хто выжыве», — заявіў Юры Луцэнка з трыбуны Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
Паводле яго, Генэральная пракуратура разьлічвае, што парлямэнт на наступным тыдні дасьць дазвол на прыцягненьне Надзеі Саўчанкі да крымінальнай адказнасьці, затрыманьне і арышт.
Пасьля гэтага паведамленьня дэпутаты паставілі на абмеркаваньне пытаньне пра выключэньне Надзеі Саўчанкі са складу парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі.
Сама Надзея Саўчанка зараз знаходзіцца на допыце ў Генэральнай пракуратуры. Перад уваходам у Генпракуратуру дэпутатка заявіла пра шэраг злачынстваў, нібыта ўчыненых прадстаўнікамі цяперашняй улады падчас Рэвалюцыі годнасьці ў 2013-2014 гадах.
Надзея Саўчанка падчас службы ў добраахвотніцкім батальёне на Данбасе трапіла ў палон да незаконных узброеных фармаваньняў самаабвешчаных ЛНР-ДНР, якія потым яе перадалі на тэрыторыю Расею. Яна знаходзілася ў расейскай турме зь ліпеня 2014-га да траўня 2016 году, была асуджаная расейскім судом на 22 гады пазбаўленьня волі. Але ў выніку палітычных дамоўленасьцяў яна была вызваленая шляхам абмену на двух расейскіх вайскоўцаў, затрыманых і асуджаных ва Ўкраіне за ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны. Пасьля вяртаньня ва Ўкраіну прэзыдэнт Пятро Парашэнка прысвоіў ёй званьне Героя Ўкраіны.
У парлямэнт Надзея Саўчанка была абраная паводле сьпісу партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына», але зь цягам часу яе выключылі з аднайменнай парлямэнцкай фракцыі за парушэньне партыйнай дысцыпліны.