Масква ў адказ на дзеяньні Лёндану неўзабаве вышле з Расеі брытанскіх дыпляматаў, паабяцаў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, паведамляе агенцтва РИА «Новости».
Лаўроў не назваў ні дакладных тэрмінаў, ні таго, колькі супрацоўнікаў брытанскай дыпмісіі плянуецца выслаць з Расеі.
14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй агучыла вялікі сьпіс санкцыяў у дачыненьні да Расеі ў адказ на атручэньне ў Солсбэры былога выведніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі. Так, 23 расейскіх дыпляматы, якія, як мяркуецца, зьвязаныя са спэцслужбамі, маюць тыдзень, каб пакінуць краіну. «Гэта будзе найбольшым выгнаньнем больш за 30 гадоў, і гэта адлюстроўвае той факт, што ня першы раз расейская дзяржава выступіла супраць нашай краіны», — адзначыла Мэй.
Гаворачы пра тое, ці гатовая Расея на крокі ў адказ па высылцы дыпляматаў, Лаўроў заявіў: «Абавязкова». Адказваючы на пытаньне аб тэрмінах такіх захадаў, ён адзначыў: «Неўзабаве», перадае РИА «Новости».