Брытанскі прадстаўнік у ААН абвінаваціў Расею ў парушэньні Канвэнцыі аб хімічнай зброі

Паседжаньне Рады бясьпекі ААН (архіўнае фота)

Рады бясьпекі ААН сабралася на тэрміновае паседжаньне для расьсьледаваньня замаху на экс-палкоўніка расейскай вайсковай выведкі Сяргея Скрыпаля і на яго дачку Юлію. 4 сакавіка іх знайшлі ў брытанскім горадзе Солсбэры з прыкметамі атручэньня нэрвова-паралітычным рэчывам. Тэрміновага скліканьня Рады бясьпекі раней запатрабавала Вялікабрытанія.

Прадстаўнік Вялікабрытаніі пры ААН Джонатан Ален падчас свайго выступу адзначыў, што Расея не абвясьціла аб праграме распрацоўкі нэрвова-паралітычнага рэчыва "Новичок", якім, як сьцьвярджаецца былі атручаныя Скрыпаль і яго дачка. Тым самым Масква парушыла Канвэнцыю аб забароне хімічнай зброі, сказащ Ален. Паводле яго, вытворчасьць рэчывы зьяўляецца складаным працэсам, што дазваляе казаць пра датычнасьць да гэтага дзяржавы.

Прадстаўніца ЗША Нікі Гэйлі падтрымала пазыцыю Брытаніі, заявіўшы, што за замах на Скрыпаля і ягоную дачку нясе адказнасьць Расея.

У 2006 годзе Сяргея Скрыпаля асудзілі ў Расеі па абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць Вялікабрытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. 4 сакавіка Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя ў крытычным стане пасьля атручэньня нэрвова-паралітычным рэчывам. У бальніцы апынуўся і паліцыянт, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні. Раней паведамлялася, што былы афіцэр расейскай спэцслужбы ГРУ за некалькі дзён да атручваньня паведамляў брытанскай паліцыі, што непакоіцца за сваё жыцьцё.

14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй ўсклала адказнасьць за замах на Скрыпаля на Расею і абвясьціла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў з Вялікабрытаніі. У Міністэсртве замежных спраў Расеі заявілі пра хуткія меры ў адказ і абвінавацілі Лёндан у правядзеньні антырасейскай кампаніі.

Экспэрт працуе каля месца, дзе найшлі Скрыпаля і ягоную дачку. 13 сакавіка 2018 году

Кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск у сваім твітэры напісаў, што цалкам салідарны з заявай Тэрэзы Мэй. Туск адзначыў, што «справу Скрыпаля» на наступным тыдні абмяркуюць удзельнікі саміту Эўразьвязу.

Таксама стала вядома, што Мэй абмеркавала сытуацыю зь лідэрамі ЗША, Нямеччыны і Францыі.

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель заявіла, што Бэрлін сур’ёзна ставіцца да дадзеных брытанскага ўрада. Пры гэтым яна адзначыла, што Эўропа павінна весьці перамовы з Расеяй, нягледзячы на разыходжаньне пазыцый.

Прэзыдэнт ЗША падтрымаў пазыцыю Лёндану. Дональд Трамп заявіў, што лічыць вельмі верагоднай датычнасьць Масквы да атручваньня Скрыпаля.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон раней асудзіў напад ў Солсбэры. Разам з тым прадстаўнік францускага ўраду заявіў, што Парыж разьлічвае атрымаць доказы датычнасьці Масквы да злачынства.