З 1 студзеня гэтага году набылі сілу патрабаваньні тэхнічнага рэглямэнту Эўразійскага саюзу на алейна-тлушчавую прадукцыю. Яны прывядуць да павелічэньня спажываньня пальмавага алею. Што гэта азначае для беларускіх прадпрыемстваў і нашага здароўя? Свабода спрабавала знайсьці адказы на гэтыя пытаньні.
Патрабаваньні тэхрэглямэнту павінны абмежаваць шкодныя для здароўя транс-ізамэры тлустых кіслот у маргарынах, замяняльніках малочнага тлушчу, тлушчах спэцыяльнага прызначэньня, расьлінна-сьметанковых расьлінна-тлушчавых спрэдах і топленых сумесях.
Цягам сямігадовага пераходнага пэрыяду прадпрыемствы Мытнага саюзу паэтапна зьмяншалі колькасьць транс-ізамэраў. Цяпер жа іх павінна быць ня больш за 2% ад усіх тлушчаў. Раней дапускалася 8-20%.
Аднак саламас, які раней выкарыстоўваўся ў Беларусі для вырабу маргарыну і зьмяшчаў транс-ізамэры, цяпер замяняюць пальмавым алеем. Гэта больш танны спосаб. Але карысны ці шкодны ён для здароўя спажыўцоў?
«Расход трапічных алеяў павінен павялічыцца»
Пальмавы алей атрымліваюць зь мясістай часткі пладоў алейнай пальмы (Elaeis guineensis). Сыры (чырвоны) пальмавы алей багаты на вітамін Е, каратын, антыаксіданты. Колер у яго сьветла-аранжавы. У чырвоным алеі захоўваецца да 80% жывых (не разбураных тэхналягічным працэсам) каратыноідаў. Аднак пасьля награваньня пальмавы алей страчвае карысныя ўласьцівасьці і «ўзбагачаецца» транс-тлушчам.
Пальмавы алей: шкодны для здароўя чалавека і плянэты
На паліцах любой крамы ў Беларусі можна знайсьці харчы з пальмавым алеем. Гэта можа быць шакаляд «Камунаркі», марозіва «Марозпрадукту», вафлі «Спартака» ці сушкі «Бісквітнай фабрыкі», дзе на ўпакоўцы пазначана, што ў складзе ёсьць пальмавы алей. Аднак на шэрагу малочных, кандытарскіх вырабаў проста пішуць, што ў складзе ёсьць расьлінныя тлушчы, але не расшыфроўваюць, якія.
Лідэр алейна-тлушчавай галіны ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат» плянуе павялічыць выкарыстаньне пальмавага алею. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў намесьнік дырэктара па вытворчасьці Бахціяр Велібегаў.
«Пра гэта пакуль рана казаць, бо толькі пачатак году. Але ў сувязі з тым, што транс-ізамэры складаюць толькі 2%, расход трапічных алеяў павінен павялічыцца. Гэта зьвязана не з павелічэньнем аб’ёму вытворчасьці, а з заменай аднаго віду прадукту іншым. Калі разглядаць транс-ізамэры, магчыма, гэта замена нейкіх жывёльных тлушчаў, гідраваных тлушчаў, так званага саламасу», — адзначыў Велібегаў.
«Дык не жарыце лыжкай гэты пальмавы алей»
Менскі маргарынавы завод летась скарыстаў 2 тысячы тон пальмавага алею, а сёлета скарыстае 3 тысячы тон. Да 30% ён выкарыстоўваецца ў рэцэптуры маргарынаў.
Дырэктар заводу Аляксандар Шаціла ў размове з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што пальмавы алей «не карысны і ня шкодны, як і сланечнікавы, рапсавы ці аліўкавы».
Пальмавы алей ня горшы і ня лепшы за іншыя
«Пальмавы алей ня горшы і ня лепшы за іншыя. А тое, што цяпер пішуць у прэсе, гэта замова эўрапейскіх транснацыянальных карпарацыяў, якія дадаткова апрацоўваюць пальмавы алей энзымнай тэхналёгіяй. Гэта значыць, нейкімі біялягічнымі рэчывамі ўзьдзейнічаюць на гэты алей, мяняюць яго структуру. І гэта дакладна ня лепшы варыянт. А мы выкарыстоўваем рафінаваны, дэзадараваны пальмавы алей, і гэта найлепшы варыянт. Таму ёсьць замова, каб мы куплялі гэта абсталяваньне, гэтыя энзымы», — сказаў Аляксандар Шаціла.
Пальмавы алей Менскі маргарынавы завод набывае ў Малайзіі, іншыя прадпрыемствы таксама ў Інданэзіі.
«Раней рабілі тлушчавую сумесь саламас з алею, на яе аснове і выраблялі маргарын. Гэта быў таньнейшы маргарын. Але там былі транс-ізамэры, якія палічылі шкоднымі, хаця іх сто гадоў еў увесь сьвет і нічога страшнага. Але палічылі патрэбным паменшыць транс-ізамэры, перайшлі ад саламасу.
Ёсьць два шляхі — дадаваць пальмавы алей альбо пераходзіць на дарагую эўрапейскую энзымную тэхналёгію. І сядзець на іголцы Эўразьвязу. Але энзымы яшчэ ніхто не дасьледаваў», — сказаў Аляксандар Шаціла.
Дырэктар Менскага маргарынавага заводу спасылаецца на тое, што ўвесь сьвет робіць рэцэптуры на пальмавым алеі. Але пакуль у Беларусі яшчэ ня скончаныя мэдычныя дасьледаваньні яго ўзьдзеяньня на здароўе.
«Трэба ў Беларусі дасьледаваць. Ужо ўвесь сьвет дасьледаваў. І прызналі, што ён ня горшы і ня лепшы. Дык не жарыце лыжкай гэты пальмавы алей. Але нам жа трэба самім дасьледаваць. Пальмавы алей выкарыстоўваецца ў сьвеце ўжо гадоў 40».
«Асартымэнт з замяняльнікам тлушчу моцна скарацілі, бо спажывец напужаны»
На кандытарскай фабрыцы «Слодыч» кажуць, што не выкарыстоўваюць пальмавы алей у чыстым выглядзе.
«Мы выкарыстоўваем пальмавы алей толькі для аднаго прадукту, які не выходзіць у гандлёвую сетку і робіцца толькі пад замову. Які гэта прадукт — камэрцыйная таямніца. Але пальмавы алей уваходзіць альбо можа ўваходзіць у склад маргарыну», — сказала тэхноляг прадпрыемства Ганна Самохіна.
СТАА «Марозпрадукт» не выкарыстоўвае пальмавага алею у вытворчасьці марозіва «ў чыстым выглядзе».
«Мы працуем на масьле. Робім малочнае, сьметакнковае марозіва і плямбір. А ў чыстым выглядзе пальмавы алей у вытворчасьці марозіва не выкарыстоўваецца. Паводле заканадаўства Мытнага саюзу, можна выкарыстоўваць замяняльнік малочнага тлушчу для канкрэтных відаў марозіва. У замяняльніку малочнага тлушчу, які ёсьць сумесьсю розных фракцыяў тлушчоў, можа быць нейкая фракцыя ад пальмавага алею. Велічыня гэтай фракцыі нам, спажыўцам, невядомая. Гэта камэрцыйная таямніца вытворцы», — сказала галоўны тэхноляг «Марозпрадукту» Тацяна Габрусева.
Паводле яе, для вырабу некаторых відаў марозіва на прадпрыемстве выкарыстоўваецца замяняльнік малочнага тлушчу. Гэта «большая частка марозіва на вагу, а ў фасаваным — толькі ў адным-двух найменьнях, і тое мы іх здымаем з вытворчасьці».
Паводоле Тацяны Габрусевай, асартымэнт з замяняльнікам малочнага тлушчу прадпрыемства моцна скараціла, бо «спажывец напужаны».
«Раней у нас было каля 20% у асартымэнце, а цяпер літаральна 1-2%. Калі вы баіцеся пальмавага алею, набывайце марозіва малочнае, сьметанковае ці плямбір. І вы будзеце ўпэўненыя, што там яго няма, — кажа прадстаўнік «Марозпрадукту». — Пальмавы алей пераважна выкарыстоўваюць кандытары, але ў кожным разе ён мае дэклярацыю Мытнага саюзу і дазволены для выкарыстаньня Міністэрствам аховы здароўя. Мы што, не павінны давяраць свайму міністэрству?!»
Навукоўцы: «Беларускі генатып не прывучаны да пальмавага алею»
У Беларусь паступае трапічны пальмавы алей з Малайзіі і Інданэзіі. Закупляюць яго прадпрыемствы канцэрну «Белхарчпрам» і Міністэрства сельскай гаспадаркі. Ён выкарыстоўваецца ў тлушчавай, кандытарскай і малочнай прадукцыі. Дык пальмавы алей карысны ці не?
Адназначна адказаць на гэтае пытаньне нельга, сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца генэральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па харчаваньні Алена Маргунова.
«Ён бясьпечны. Але гэты алей зьявіўся ў нас нядаўна, апошнія гадоў пяць. І яго аб’ёмы растуць. Наш беларускі генатып да яго не прывучаны. Гэта для нас абсалютна новы прадукт. І перш чым казаць пра яго шкоду ці карысьць, мы прапануем папярэдне правесьці клінічныя дасьледаваньні», — зьвяртае ўвагу навуковец.
Пальмавы алей тэстуюць на студэнтах
Якраз цяпер у Горадзенскім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце ўпершыню ў навуковых мэтах тэстуюць пальмавы алей на чалавеку. Выпрабаваньні павінны завяршыць да восені.
«Мы атрымалі зьмены ў ліпідным спэктры (ліпіды — гэта тлушчы, якія сінтэзуюцца ў печані або паступаюць у арганізм з ежай. — РС). У добраахвотнікаў павысіўся ўзровень агульнага халестэрыну і ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці, што спрыяе атэрасклерозу. Атрымалі некаторыя зьмены ў горшы бок пячоначнага метабалізму. Варта адзначыць, што ўдзельнічалі здаровыя маладыя людзі. Калі ў чалавека ёсьць нейкія праблемы, можна запусьціць шэраг няўдалых зьяў ліпіднага абмену», — сказала Горадзенскаму зялёнаму парталу дацэнт кафэдры паліклінічнай тэрапіі Горадзенскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Людміла Кежун.
«Трэба вывучыць уплыў на сардэчна-судзінную сыстэму»
Алена Маргунова з Акадэміі навук сказала ў размове з карэспандэнтам Свабоды, што інфармацыя пра дасьледаваньні «выключна для службовага карыстаньня». Але што менавіта вывучаецца?
«Пальмавы алей зьмяшчае вельмі шмат насычаных тлушчаў, да 50%. Яны могуць зьяўляцца прадвесьнікамі сардэчна-судзінных хваробаў. Гэта ўсім вядома. Таму трэба найперш вывучаць уплыў на сардэчна-судзінную сыстэму».
Насычаныя тлушчы ў пальмавым алеі могуць быць прадвесьнікамі сардэчна-судзінных хваробаў
Цэнтар харчаваньня прапануе выкарыстоўваць тое, да чаго «прывучаны беларускі народ»: масла, сланечнікавы, ільняны, рапсавы алей.
— Да трапічных алеяў мы не прывучаныя. Так, яны таньнейшыя, яны больш выгадныя ў сабекошце, лепш захоўваюцца, вытворцам іх лепш тэхналягічна выкарыстоўваць. Але беларусы да іх не прывучаныя. І перш чым казаць пра шкоду і карысьць, трэба правесьці доўгачасовыя дасьледаваньні — даклінічныя, клінічныя і так далей, — кажа Алена Маргунова.
— Але тады ўзьнікае пытаньне: дасьледаваньні яшчэ не праведзеныя, а выкарыстаньне пальмавага алею расьце.
— Бо ён афіцыйна не забаронены рэглямэнтамі Эўразійскага саюзу. Паводле 24-га алейна-тлушчавага рэглямэнту, які дзейнічае з 2013 году на тэрыторыі Эўразійскага саюзу, пальмавы алей не забаронены ў вытворчасьці харчоў. Вядома, тут вялікая эканамічная падкладка.
— Ці на ўпакоўцы пазначаецца склад?
— Мы ўнесьлі прапанову ў Эўразійскую камісію, каб у рэглямэнт маркаваньня ўнесьці зьмену пра абавязковае пазначэньне ўсіх скарыстаных відаў алею. Пакуль яна разглядаецца, бо пяць краінаў павінны выказаць пазыцыю. Добрасумленныя вытворцы пазначаюць, які алей выкарыстоўваюць. А некаторыя пішуць проста — «сумесь расьлінных алеяў». Але нельга ўводзіць у зман спажыўцоў. А спажывец сам ужо выбера.
«Няма малака — лепш будзем піць ваду»
З заклікам спыніць пастаўкі пальмавага алею ў Расею для яго выкарыстаньня пры вырабе малака і малочнай прадукцыі зьвярнуўся да міністра сельскай гаспадаркі гэтай краіны дэпутат Дзяржаўнай думы Мікалай Харытонаў: «Няма малака — лепш будзем піць ваду».
У адказ міністар Аляксандар Ткачоў прызнаў, што праблема стаіць вельмі востра. Праз таннасьць пальмавага алею, літар якога каштуе ўтрая менш за малако, «спрытнюгі спрабуюць выдаць яго за сапраўднае малако».