Колькі расейцаў у Беларусі прагаласуе на прэзыдэнцкіх выбарах

Абвестка пра расейскія прэзыдэнцкія выбары ў менскім мэтро

Колькасьць расейцаў, якія возьмуць удзел у галасаваньні на выбарах прэзыдэнта Расеі на тэрыторыі Беларусі, імаверна, перавысіць 13,5 тысячы чалавек. Менавіта столькі грамадзянаў Расеі абіралі кіраўніка сваёй дзяржавы шэсьць гадоў таму.

Афіцыйная статыстыка і ў 2012 годзе, і сёлета называе аднолькавую колькасьць зарэгістраваных грамадзян Расеі ў Беларусі — «болей за 100 тысяч чалавек». Канкрэтную лічбу тут вызначыць цяжка, бо станавіцца на консульскі ўлік расейцам у Беларусі не абавязкова.

На карысьць больш актыўнага ўдзелу расейцаў у сёлетніх выбарах сьведчаць некалькі фактараў.

Так, чакаецца актыўны выхад да выбарчых скрыняў будаўнікоў Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы, дзе расейскі працоўны дэсант даволі істотны.

Да таго ж сёлета арганізатары выбараў павялічылі колькасьць месцаў для галасаваньня. Раней такія магчымасьці былі ў Менску, усіх абласных цэнтрах, Бабруйску, дзе традыцыйна пражывае шмат адстаўных вайскоўцаў, Ганцавічах, дзе расейская вайсковая частка. Сёлета да гэтага сьпісу дадаюцца Астравец, Барысаў, Ворша, Клецак, Полацак.

А ў шасьці беларускіх гарадах частка расейцаў ужо прагаласавала. 11 сакавіка «для зручнасьці расейскіх грамадзян, якія пражываюць у аддаленьні ад выбарчых участкаў», паведамляецца на афіцыйным сайце амбасады РФ у Беларусі, было арганізавана датэрміновае галасаваньне. Яно праводзілася ў шасьці гарадах: Касьцюковічах, Мазыры, Маладэчне, Пінску, Сьветлагорску і Салігорску.

На пасаду прэзыдэнта Расеі прэтэндуюць восем чалавек: Сяргей Бабурын, Павел Грудзінін, Уладзімір Жырыноўскі, Уладзімір Пуцін, Ксенія Сабчак, Максім Сурайкін, Барыс Цітоў і Рыгор Яўлінскі.

Выбары па-расейску і выбары па-беларуску: у чым розьніца