Пасьля пераабраньня ў 2012 годзе прэзыдэнтам Расеі Ўладзіміра Пуціна пад ягоным кантролем набылі моц 50 законаў, прызначаных задушыць галасы апазыцыі і павысіць у грамадзтве ўзровень страху і самацэнзуры.
Згодна з новым дасьледаваньнем FIDH — Міжнароднай фэдэрацыі за за правы чалавека — рэжым Уладзіміра Пуціна толькі за апошні прэзыдэнцкі тэрмін правёў каля 50 новых законаў, спэцыяльна прызначаных для падаўленьня іншадумства ў Расеі, паведамляе сайт арганізацыі.
Як гаворыцца ў справаздачы, тэматыка і вобласьці прымяненьня законаў вар’іруюцца гэтак жа моцна, як суровасьць пакараньняў за іх парушэньне. Новыя законы і правілы, уведзеныя падчас апошняга прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна, скіраваныя ня толькі на ўзмацненьне нагляду і цэнзуры, але і забараняюць «браць пад сумненьне цэласнасьць расейскай дзяржавы» — гэта фактычная забарона крытыкі прысутнасьці Расеі ва Ўсходняй Украіне і Крыме, ажно да законаў аб «экстрэмізме», якія даюць уладам шырокія паўнамоцтвы для барацьбы з палітычнай і рэлігійнай свабодамі, навязваньня пэўных поглядаў на гісторыю Расеі і абмежаваньне іншадумства.
На працягу апошніх гадоў таксама быў замацаваны складаны комплекс законаў, накіраваны на стварэньне дадатковых цяжкасьцяў для дзейнасьці недзяржаўных і праваабарончых арганізацый, як у галіне распаўсюджваньня інфармацыі і доступу да яе, так і для атрыманьня міжнароднага фінансаваньня. Гэта значным чынам перашкаджае незалежнасьці іх дзеяньняў, а ў выпадку невялікіх арганізацый ставіць пытаньне аб іх выжываньні.
Складзеная FIDH табліца, якая зьяўляецца вынікам трохгадовага маніторынгу, прадстаўляе гэтыя законы ў храналягічным парадку. У табліцы ня толькі пералічаныя законы, але і дадзенае тлумачэньне, як менавіта кожны зь іх скарачае прастору асноўных свабодаў грамадзянаў Расеі і прыводзяцца прыклады прававых злоўжываньняў, да якіх прымяненьне гэтых законаў прыводзіць у паўсядзённым жыцьці грамадзян:
- напрыклад, калі паэт абвінавачваецца ў экстрэмізьме за верш пра Ўкраіну;
- забараняецца выказваць нэгатыўнае меркаваньне аб дзеяньнях Чырвонай Арміі падчас Другой сусьветнай вайны;
- калі ў мэтах прадухіленьня сходаў, якія нагадваюць Эўрамайдан, забараняюцца вячэрнія/начныя грамадзкія сходы;
- у дачыненьні да асобаў, якія тройчы ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту вылучаюцца крымінальныя абвінавачваньні;
- службам абмену паведамленьнямі прад’яўлена патрабаваньне разьмяшчаць усе дадзеныя на тэрыторыі Расеі і па запыце даваць расшыфроўку дадзеных карыстальнікаў;
- складзены спэцыяльны сьпіс асобаў, якія маюць падвойнае грамадзянства, і тых, хто пазбаўлены права выяжджаць за мяжу;
- караюцца спробы доступу да інфармацыі, якая аб’яўлена сакрэтнай (напрыклад, да дадзеных аб расейскіх стратах у ваенных канфліктах) і г.д.
Табліцу з поўным аналізам 50 антыдэмакратычных законаў Расеі можна спампаваць па спасылцы.
Саша Кулаева, дырэктар аддзела FIDH па Ўсходняй Эўропе / Цэнтральнай Азіі, заявіла:
«Нарастаючая лявіна антыдэмакратычных законаў пасьля пераабраньня Пуціна ўяўляе сабой уражальнае вяртаньне да часоў татальнага кантролю, часта замаскіраваных, але бязьлітасных захадаў, накіраваных супраць вольнага выказваньня меркаваньня і крытыкі ва ўсіх галінах, якія тычацца ці то вяршэнства закона, правоў чалавека і беспакаранасьці, ці то гісторыі, адукацыі і недапушчальнасьці дыскрымінацыі, ня кажучы ўжо аб ваеннай агрэсіі, якая працягваецца за межамі Расеі. Сёньня, у кантэксьце чарговых пацёмкінскіх прэзыдэнцкіх выбараў, пакутліва назіраць за павольным, але верным удушэньнем апошніх парасткаў дэмакратыі».
FIDH папярэджвае: агрэсія і аўтарытарызм рэжыму Пуціна, якія растуць ўнутры краіны, зьяўляюцца перадумовай і для ягонай агрэсіўнай зьнешняй палітыкі.
«У Сырыі, Украіне і Крыме пуцінская Расея дзейнічае з поўнай беспакаранасьцю. Пры гэтым тое, што адбываецца ўнутры Расеі, не прыцягвае ўвагу заходніх СМІ, у той час як гэтая сытуацыя ня менш драматычная: мы прысутнічаем пры заканадаўча аформленым разгроме грамадзянскай супольнасьці і свабоды выказваньня», — заявіла Кулаева.
Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі адбудзецца ў нядзелю 18 сакавіка. У ліку кандыдатаў дзейны кіраўнік Расеі, беспартыйны самавылучэнец Уладзімір Пуцін. Канстытуцыя Расеі забараняе ісьці ў прэзыдэнты больш як два разы запар, але не абмяжоўвае агульнай колькасьці тэрмінаў. Цяпер Пуцін прэзыдэнцтвуе трэці тэрмін:«перапынак» быў у 2008–2012 гадах, калі прэзыдэнтам быў Дзьмітры Мядзьведзеў, а Пуцін быў пры ім прэм’ерам. Калі Пуцін пераможа на цяперашніх выбарах, ён будзе прэзыдэнтам яшчэ шэсьць гадоў.