Новы закон абавяжа працадаўцаў даваць мужчынам дэкрэтны адпачынак

У законапраекце «Аб унясеньні змяненьняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь» ёсьць норма аб дадатковым водпуску для бацькі, у якога нарадзілася дзіця. Пра гэта паведаміла выданьне «Советская Белоруссия» са спасылкай на намесьніка міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Румака.

Паводле Румака, патрабаваньне стане абавязковым для наймальнікаў. Плянуецца, што адпачынак можна будзе аформіць на тэрмін да 14 дзён пад час першых 6 месяцаў пасьля нараджэньня дзіцяці, але без захаваньня заработнай платы. Праўда, у калектыўных дагаворах або лякальных пагадненьнях аплата можа прадугледжвацца — гэта ўжо будзе вырашаць працадаўца.

Цяпер дзейнічае норма Працоўнага кодэксу, якая дазваляе наймальніку даваць бацьку кароткачасовы сацыяльны водпуск без захаваньня заработнай платы па сямейна-бытавых абставінах. Але яна носіць рэкамэндацыйны, а не абавязковы характар.