Суд Кастрычніцкага раёну Менску аштрафаваў 12 сакавіка маладафронтаўку Насту Гусеву на 15 базавых велічынь (367 рублёў 50 капеек) за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы.
Суд прызнаў Насту Гусеву віннай паводле першай часткі адміністрацыйнага артыкулу 23.34 «Парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства». У Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага Гусева разам з «Маладым фронтам» зьбірала подпісы ў падтрымку беларускай мовы і стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту з навучаньнем па-беларуску.
Сьведкамі на судзе выступілі міліцыянты, які ў гэты час дзяжурылі на станцыі мэтро «Плошча Леніна», паведаміла Свабодзе Наста Гусева. Абвінавачваньне грунтавалася на паказаньнях міліцыянтаў аб тым, што актывістка зьбірала подпісы без дазволу.
«Увогуле суд адбыўся мірна», — распавяла Наста Гусева. — «Зьбірала (подпісы — РС), так, праўда дазволу ня мела. Пра адказнасьць ведала, сумленьне мне дазваляла зьбіраць подпісы за мову».
У межах супольнай кампаніі «Маладога фронту» і Моладзі БНФ у падтрымку беларускай мовы і беларускамоўнай адукацыі па Беларусі было сабрана больш за 2790 подпісаў, іх перадалі ў Міністэрства адукацыі. 13 сакавіка за збор подпісаў у межах кампаніі будуць судзіць блогера Эдуарда Пальчыса і актывіста Моладзі БНФ Ягора Сергіенку. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», пратаколы таксама склалі на Ганну Сьмілевіч, Дзяніса Мандзіка і Аляксандру Патапаву.