Удзельнік Плошчы-2010 Сьвятаслаў Барановіч асуджаны 12 сакавіка на 3 гады калёніі за напад на міліцыянта падчас менскага «Маршу недармаедаў» у сакавіку 2017 году.
Калі адбылася бойка
15 сакавіка 2017 году пасьля «Маршу недармаедаў» сілавікі ў цывільмым адзеньні спрабавалі затрымаць групу анархістаў у масках, калі тыя садзіліся ў тралейбус, каб зьехаць зь месца правядзеньня акцыі. Узьнікла бойка, пасьля якой на іншых прыпынках некаторых яе удзельнікаў міліцыя затрымала, ім прысудзілі адміністрацыйныя арышты.
Што рабіў Барановіч
Прадпрымальніка Сьвятаслава Барановіча затрымалі ў кастрычніку 2017 году ў Менску. Паводле сьледзтва, гэта ён 15 сакавіка 2017 году «ня менш за 4 разы» ударыў міліцыянта па галаве і шыі на прыпынку каля плошчы Бангалор пасьля завяршэньня акцыі «Марш недармаедаў».
«Хацеў ужо ехаць дадому, ішоў па ходніках за анархістамі да прыпынку, у іх былі твары ў масках, — казаў Барановіч пра сам інцыдэнт на прыпынку. — Яны хацелі зайсьці ў тралейбус, каб зьехаць, я быў ззаду. Раптам нейкія людзі бяз знакаў адрозьненьня, якія былі побач, сталі іх хапаць, і я машынальна ўдарыў аднаго зь іх. Потым мяне выцягнулі з тралейбуса, ударылі, павалілі на зямлю. Тады зразумеў, што гэта былі міліцыянты».
Сьледзтва выкарыстала відэа бойкі, на якім чалавек у чырвонай куртцы з надпісам «Беларускі бокс» наносіць некалькі ўдараў маладому чалавеку ў цывільным — як аказалася, амапаўцу Арцёму Паўлаву. На судзе Барановіч пазнаў сябе на відэа і казаў, што абурыўся на чалавека, які спрабаваў затрымаць актывістаў анархісцкага руху.Прызнаў віну і папрасіў прабачэньня
Падчас судовага працэсу Сьвятаслаў Барановіч прызнаў сваю віну і запрашаў міліцыянта Арцёма Паўлава ў залю боксу, каб сустрэцца зь міліцыянтам «у сумленным баі».
У апошнім слове Барановіч папрасіў прабачэньня ў Паўлава, якога некалькі разоў ударыў. Але ён не пагадзіўся са сьледзтвам, што дакладна ведаў прыналежнасьць пацярпелага да праваахоўных органаў. Паўлаў адмовіўся ад прэтэнзій да Барановіча, зьвязаных з кампэнсацыяй маральнай шкоды.
Чым зарабляе на жыцьцё
Святаслаў Барановіч — прадпрымальнік, займаецца будаўнічым бізнэсам.
«Пакуль ягоная фірма не працуе, няма каму ёй кіраваць», — распавядала яго сястра Натальля падчас суду. Яна згадала, што брат займаўся боксам і спартовай хадзьбой.
Другая сястра Барановіча Алена расказала на судзе, што ён не агрэсіўны, жартаўлівы, але бывала, што і спрачаўся зь ёй.
Абедзьве жанчыны пра падзеі 15 сакавіка нічога ня ведалі.
Быў асуджаны за Плошчу-2010
Восеньню 2011 году Сьвятаслаў Барановіч ужо быў асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Тады яго прысудзілі да 3 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.
Паводле Барановіча, ён прыйшоў на акцыю пратэсту, каб падтрымаць свайго кандыдата. Калі Барановіча ўдарылі па галаве, ён пачаў біць спэцназаўцаў па шчытах, падымаў на рукі чалавека, які ўдараў нагамі па шчытах. Пацьверджаньне гэтаму ёсьць на відэа з акцыі.
«Я нікога ня біў па галаве і са сьпіны — як гэта робяць супрацоўнікі спэцназу», — сьцьвярджаў Барановіч у апошнім слове на судзе за Плошчу-2010.
Паводле Барановіча, ён адмыслова ня біў па людзям, а спэцназаўскія шчыты не былі пашкоджаны. Свае дзеяньні ён тлумачыў неабходнасьцю даць адпор і паказаць, што нельга зьбіваць бяззбройных людзей, якія выйшлі на мірную акцыю.