Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці працягвае расьсьледаваць крымінальную справу аб парушэньні правілаў бясьпекі горных працаў, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць двух чалавек у шахце прадпрыемства «Беларуськалій». Справа заведзеная па ч.2 арт. 303 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца ведамства Тацяна Беланог.
Увечары 9 сакавіка на падземным горным участку 3-га рудаўпраўленьня адбылося абвальваньне пароды, у выніку чаго пад завал трапілі машыніст горных вымальных машынаў і горнарабочы вычышчальнага забою.
У ноч з 10 на 11 сакавіка ратавальнікі паднялі целы загінулых — 45-гадовага Максіма Іванова і 33-гадовага Дзьмітрыя Валько.
З мэтай агляду месца выкіду пароды, фіксацыі сьлядоў у шахце працавала сьледча-апэратыўная група. Вывучаецца вытворчая і тэхнічная дакумэнтацыя, якая рэглямэнтуе парадак правядзеньня горных работ і інструктажоў па тэхніцы бясьпекі. Працягваюцца допыты работнікаў і службовых асобаў прадпрыемства. З мэтай выяўленьня дакладнай прычыны гібелі рабочых прызначана судова-мэдычная экспэртыза.
Сёньня ў Салігорску родныя, сябры, калегі разьвітваюцца з Максімам Івановым і Дзьмітрыем Валько. Пахаваюць шахтароў 13 сакавіка.