Падарожжа ў БНР (29). Бэрлінская канфэрэнцыя. Канец Ураду БНР

Газэта "Савецкая Беларусь" за 15 лістапада 1925

Ліквідацыя Ўраду БНР рыхтавалася ў Менску. - Урад загадзя падае ў адстаўку. - Бэрлінская канфэрэнцыя вызнае Менск цэнтрам адраджэньня і ліквідуе Ўрад БНР. - Прэзыдыюм Рады БНР «ліквідацыі» не прымае і бярэ на сябе функцыі Ўраду.

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Your browser doesn’t support HTML5

Як камуністы ліквідоўвалі ўрад БНР

Таварыш У

Актыўныя размовы пра рыхтаваную беларускую палітычную канфэрэнцыю або нават кангрэс для вырашэньня пытаньня пра беларускае палітычнае прадстаўніцтва за мяжою пачаліся сярод эмігрантаў у жніўні 1925 году. У арганізацыі канфэрэнцыі брала ўдзел Міністэрства замежных справаў Літвы, аднак Бэрлінская нарада была сплянаваная і арганізаваная зусім у іншым месцы.

Дасьледнік Сяргей Крапівін апублікаваў пастанову паседжаньня Бюро ЦК КП(б)Б у Менску 6 студзеня 1925 году, у якой было сказана:

1. Считать целесообразным ликвидировать так называемое «Белорусское Народное Правительство» через соответствующую работу Наркоминдела.
2. Считать целесообразным, чтобы эта ликвидация сопровождалась декларацией так назыв. членов «Белорусского Народного Правительства» в пользу Советской Белоруссии.
3. Посылку белорусских деятелей для переговоров с белорусскими гр. за границей считать нецелесообразным.

Галоўным маторам усёй акцыі быў аташэ савецкага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Варшаве мянчук Аляксандраў Ульянаў.

Найперш былі апрацаваныя заходнебеларускія палітыкі, якія вясною 1925-га ўжо канкрэтна і даслоўна выказвалі патрабаваньне ліквідацыі Ўраду БНР. Як альтэрнатыву Ўраду БНР, які «асабліва гадзіў» савецкай краіне і «блытаўся ў Лізе Нацыяў са сваімі дурацкімі пратэстамі супраць прыгнёту ў БССР», саветы вырашылі стварыць у Заходняй Беларусі шырокую палітычную арганізацыю левага кірунку — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду.

Асновы гэтага масавага руху былі закладзеныя ў жніўні 1925-га на нарадзе ў Цопаце пад Данцыгам з удзелам польскіх і заходнебеларускіх камуністаў і актыву заснавальнікаў БСРГ. Адным з пунктаў нарады было пытаньне ліквідацыі Ўраду БНР, з дакладам выступіў — Ульянаў, хто ж яшчэ...

Цьвікевіч за ліквідацыю, Ластоўскі супраць

24 жніўня Янка Станкевіч перадае Ластоўскаму тэрміновае паведамленьне ад Краёвага цэнтру (канкрэтна ад кс. Адама Станкевіча): 2 верасьня Ластоўскі і Цьвікевіч мусяць быць у Данцыгу, дзе зь імі ў вельмі важнай справе будуць гаварыць людзі з Краёвага цэнтру.

Сустрэча адбылася ў Аліве — прадмесьці Данцыгу. На ёй прысутнічалі Ластоўскі, Цьвікевіч, Тарашкевіч, Ярэміч, Станкевіч.

У сваіх паказаньнях на следзтве ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» ў 1930 годзе Вацлаў Ластоўскі расказваў пра тую сустрэчу:

«Цьвікевічам была пастаўленая прапанова аб ліквідацыі Ўраду БНР, я выступаў супраць ліквідацыі, бо мне здавалася, што зь ліквідацыяй Ураду БНР ня будзе за мяжою голасу на карысьць беларускага народнага руху. Ініцыятарам вяртаньня ў БССР быў Цьвікевіч, і яго падтрымлівалі грамадоўцы».

Сваім праскім калегам Цьвікевіч пра нараду ў Аліве не дакладаў.

Цьвікевіч вядзе сваю гульню

Праскім калегам — Крачэўскаму і Захарку — Цьвікевіч падаў мэту рыхтаванай канфэрэнцыі так: кансалідацыя сілаў і аб’яднаньне вакол Прэзыдыюму Рады і Ўраду БНР усяго беларускага нацыянальнага фронту.

Далейшыя падзеі Васіль Захарка апісвае ў «Галоўных момантах беларускага руху»:

«Атрымаўшы належную згоду, гр. Цьвікевіч так заблутаў сваё паводжаньне перагаворамі з прадстаўнікамі Вільні, Менска, Рыгі, Коўны й літоўскага ўраду, што разабрацца ў ім за адсутнасьцю інфармацыяў было немагчыма.

Нягледзячы на запатрабаваньні пражскага цэнтру падробных інфармацыяў і адкладзе канфэрэнцыі да Каляд 1925 г., гр. Цьвікевіч самавольна назначае канфэрэнцыю ў Бэрліне на 10 кастрычніка 1925 г., на якой па яго інфармацыі будзе шырокае прадстаўніцтва ад Усходняй і Заходняй Беларусі, Літвы й Латвіі.

Воляй-няволяй прыйшлося ехаць і прадстаўнікам пражскай калёніі».

На ўсялякі выпадак адстаўляюць Урад

Але яшчэ да выезду ў Бэрлін прадстаўнікоў Ураду Крачэўскі — на ўсялякі выпадак — прымушае сяброў Ураду Захарку, Зайца і Пракулевіча падпісаць заяву ад сваёй адстаўцы, каб «мець свабодныя рукі», калі ў Бэрліне паўстане пытаньне аб ліквідацыі Ўраду БНР. Заява падпісаная 4 кастрычніка, адстаўка прынятая Крачэўскім 10 кастрычніка.

Такім чынам, Захарка, Заяц і Пракулевіч бралі ўдзел у Бэрлінскай канфэрэнцыі ўжо як прыватныя асобы і ня мелі тых паўнамоцтваў, якія б маглі перадаць каму б там ні было.

Канфэрэнцыя вызнае Менск цэнтрам адраджэньня

Парадак дня нарады, на якую зьехалася ўсяго 17 чалавек, не прадвяшчаў нічога надзвычайнага. Даклады зь месцаў пра беларуска-літоўскія дачыненьні, «крыўская» акцыя, латвійска-беларускія дачыненьні, становішча пад польскай акупацыяй, становішча ў Савецкай Беларусі, даклады культурна-прасьветнай, эканамічнай і палітычнай сэкцыяў, даклад Ураду БНР, кансалідацыя беларускіх сіл за кардонам.

Першы званок прагучаў у рэзалюцыі пра агульнае палітычнае становішча Беларусі, дзе было заяўлена: «Нарада вызнаець усю надзвычайную важнасьць імкненьняў Радавай Беларусі да зьдзяйсьненьня нацыянальна-дзяржаўнага ідэалу Беларускага Народу і, вызнаючы Менск як цэнтр беларускага адраджэньня, лічыць усялякія спробы актыўнай барацьбы супраць яго здрадай справе вызвольнага беларускага руху».

Рэзалюцыя была прынятая зь мінімальнай — адзін голас — перавагай.

Пад гіпнозам

За рэзалюцыю галасавалі і Заяц з Пракулевічам, якія, як пісаў пазьней Крачэўскі, «пад гіпнозам Цьвікевіча пайшлі на здрадны крок авантурнага рэвалюцыянізму — сэпаратнага сходу Ўраду» без прысутнага на канфэрэнцыі Захаркі — і 15 кастрычніка падпісалі пратакол прызнаньня Савецкай Беларусі:

«У сьвядомасьці таго, што ўлада сялян і работнікаў, замацаваная ў Менску — сталіцы Радавай Беларусі — запраўдна імкнецца адрадзіць Беларускі народ культурна, эканамічна і дзяржаўна, што Радавая Беларусь ёсьць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага іга, у поўным паразуменьні з краявымі арганізацыямі, ПАСТАНАВІЛІ: спыніць існаваньне Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі».

Падпісалі — Цьвікевіч, Заяц, Пракулевіч.

Урад БНР зьліквідаваны

Даведаўшыся пра пратакол, Захарка рашуча запратэставаў і прымусіў змоўнікаў напісаць іншую яго рэдакцыю — толькі пра ліквідацыю Ўраду, якую мог бы падпісаць і сам Захарка:

«У зьвязку з сучасным становішчам Беларусі, заходняя часьць якой знаходзіцца пад акупацыяй Польшчы, а ўсходняя — творыць Беларускую Савецкую Рэспубліку ў складзе Сацыялістычнага Савецкага Саюзу, у мэтах аб’яднаньня ўсіх сіл Народу для яго поўнага нацыянальна-сацыяльнага вызваленьня ў поўным паразуменьні з краявымі беларускімі арганізацыямі, — ПАСТАНАВІЛІ: абвясьціць ад сёньняшняга дня Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць».

Пад пратаколам ужо стаяць подпісы Захаркі, Цьвікевіча, Зайца і Пракулевіча.

Аднак умяшаньне Захаркі нічога не зьмяніла — Цьвікевіч перадаў «прыёмшчыкам» зь Менску абедзьве рэдакцыі пратаколу.

400 даляраў

У Бюро ЦК КП(б)Б 22 кастрычніка адбылося закрытае пасяджэньне, на якім было пастаноўлена:

1. Признать, что:
а) исход конференции подтвердил правильность позиции бюро ЦК КП (б)Б, занятой им в этом вопросе;
б) т. Ульянов выполнил целиком и полностью директивы бюро ЦК КП (б)Б в деле проведения конференции.
...
3. Признать целесообразным опубликование резолюций, принятых на конференции в Берлине, как в нашей, так и в заграничной прессе.
...
5. Разрешить въезд в БССР Головинскому, Цвикевичу, Прокулевичу и Зайцу. Оказать поддержку Головинскому и Цвикевичу по 400 долларов.

Да канца 1925 году старшыня Ўраду Цьвікевіч з паплечнікамі — былым дзяржаўным кантралёрам Зайцам і былым дзяржаўным сакратаром Пракулевічам — выехалі ў Менск.

Прэзыдыюм Рады «ліквідацыі» не прымае

Зацятыя апанэнты здачы мандатаў — старшыня Рады БНР Крачэўскі і ягоны намесьнік Захарка — інтэрпрэтавалі пастанову Рады Народных Міністраў у тым сэнсе, што яна азначае толькі адстаўку Цьвікевіча і ягонага Ўраду. Ніякія пратаколы аб здачы мандатаў і ліквідацыі Ўраду БНР без зацьвярджэньня старшынём Прэзыдыюму Рады БНР ня мелі юрыдычнай сілы.

Старшыня Прэзыдыюму Рады Пётра Крэчэўскі праз год напіша пра бэрлінскія падзеі:

«Выйшла падвойная авантура. Замест ліквідацыі Ўраду як установы Цьвікевіч ліквідаваў толькі сябе і сваіх таварышоў — Зайца і Пракулевіча... Такім чынам, Цьвікевіч і кампанія ліквідавалі сябе і выкінулі свае імёны зь Беларускай Незалежніцкай Групы, але ўстанова як Урад засталася. Выканаўчая ўлада да часу перайшла ў рукі Прэзыдыюму Рады і можа быць узноўлена, калі гэта будзе патрэбна».

На гэтай цытаце канчаецца наша хроніка, але не гісторыя БНР. Аднак гэта ўжо іншыя архівы і іншае падарожжа.

Папярэднія публікацыі